Людзі пасяліліся тут яшчэ ў жалезным веку. Ужо тут тут існавала гарадзішча, вакол якога быў роў з вадой з ракі Няцечы. 1950-я гады гарадзішча было амаль цалкам зрыта, тут бралі пясок для будоўлі. Да нашых дзён захавалася частка гарадзішча, зараз тут усталяваны камень з шыльдай.
А вось больш дакладнай датай узнікнення тут паселішча з назовай Крутагор’е лічыцца 1146 год. Менавіта тады тут была пабудавана першая праваслаўная царква. Для храма быў намаляваны абраз, на якім і была зафіксавана гэтая дата. Абраз згарэў разам з драўлянай царквой, у якой ён захоўваўся, у сярэдзіне 19 стагоддзя.
У 1241 годзе да Крутагор’я падышоў татарскі атрад хана Балаклая і быў разбіты тут князем Скірмонтам. Праз 8 гадоў, у 1249 годзе сюды зноў падышлі татары на чале з перакопскім ханам Койданам, а таксама іх саюзнікі валынскі князь Васілька і галіцкі князь Даніла. Але варожае войска было разбіта ля Крутагор’я князем Міндоўгам, а хан Койдан быў забіты і пахаваны недзе ў гэтых мясцінах.
Існуе версія, што ад імя пахаванага хана і пайшла новая назова паселішча – Крутагор’е. Але больш верагоднай здаецца версія, што гэтая назова паходзіць ад балцкага слова keda, якое азначае “каваль” і трансформавалася у беларускае слова койда. Дарэча недалёка ад гэтых мясціных сапраўды здабывалі руду, а ў мястэчку заўсёды жыло шмат кавалёў.
Назова Койданава з’явілася з 14 стагоддзя. А вось пісьмовых крыніцах Койданава ўпершыню ўзгадваецца ў 1439 годзе у сувязі з пабудовай тут драўлянага касцёла. Гаспадаром Койданава на той момант быў Міхал Жыгімонтавіч, ён і фундаваў будаўніцтва. Касцёл быў асвечаны ў гонар Божай апекі. У 18 стагоддзі касцёл быў цалкам перабудаваны і пераасвечаны ў гонар Святой Ганны. За савецкім часам у будынку быў склад, клуб, музычная школа. У 1992 годзе ён вярнуты каталікам і касцёл зноў пачаў дзейнічаць. Дарэчы гэты храм стаіць на падмурках 15 стагоддзя.
Пасля Міхала Жыгімонтавіча ў Койданава пачалі ўладарыць князі Вярэйскія. Князь Васіль Вярэйскі паходзіў з Масковіі і быў унукам Дзмітрыя Данскога. Аднойчы ён моцна пасварыўся з маскойскім князем Іванам ІІІ і збег у Вялікае княства Літойскае. Тут перабежчыка прынялі і ў 1483 годзе нават падарылі яму Койданава. Дачка Васіля Вярэйскага Соф’я пабарался шлюбам з канцлерам Альбрэхтам Гаштольдам. Так Койданава ў 1522 годзе перайшло да роду Гаштольдаў. Гаштольды пачалі пабудову каменнага замка на мясцовым гарадзішчы, якое з таго часу атрымала таксама назову “Гаштольдава гара”. Сын Альбрэхта Гаштольда Станіслаў не меў дзяцей у шлюбе з Барбарай Радзівіл. На гэтым род Гаштольдаў згас, а іхнія землі перайшлі да караля Жыгімонта І Старога.
Жыгімонт І перадаў Койданава свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту, а той – брату сваёй жонкі Барбары – Мікалаю Радзівілу Рудому. Ён дабудаваў і пашырыў мясцовы замак, які меў ужо 9 каменных вежаў. Мікалай Радзівіл Руды быў пратэстантам, таму на тэрыторыі замка ў 1564 годзе ён фундаваў будаўніцтва драўлянага кальвінскага збора. А ўжо ў 1613 годзе замест яго з’явіўся новы цагляны будынак збора, які меў высокую вежу з гадзіннікам. На пачатку 20 стагоддзя замак і кальвінскі збор выглядалі вось так:
За савецкім часам у будынку збора быў склад. Падчас Айчыннай вайны замак і збор былі пашкоджаны, а ў хуткім часе і наогул разабраны на цэглу. Пад зборам знаходзіўся склеп з пахаваннямі заможным пратэстантаў, дзе было 75 трун, падчас разбурэння будынка ён быў замураваны и засыпаны зямлёй. Зараз на гары магчыма пабачыць толькі фрагменты падмуркаў збора і вежаў замка.
У 16 стагоддзі мястэчка Койданава было цэнтрам Койданаўскага графства. Па перапісу 1588 года тут было 120 двароў на шасці вуліцах, 2 карчмы, 4 млыны. У 1588 годзе Жыгімонт ІІІ Ваза надаў мястэчку прывілей на правядзенне 4 кірмашоў на год. Кірмашы праходзілі на вялікай гандлёвай плошчы, якая была цэнтрам мястэчка. На ёй былі крамы, карчма, дамы рамеснікаў. За савецкім часам на плошчы быў зроблены парк.
У 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай войскі Аляксея Міхайлавіча спалілі мястэчка, а мясцовыя жыхары перайшлі ў лес вялі партызанскую барацьбу.
Койданава так і не атрымала Магдэбургскае права, але пад канец 18 стагоддзя ў мястэчка з’явіўся ўласны герб – дзве скрыжаваныя галінкі – дубовая і аліўкавая ў блакітным полі. Дакладных ягоных выяў у дакументах не захавалася, але мяркуецца, што ён выглядаў наступным чынам:
Падчас ІІ Падзелу Рэчы Паспалітай Койданава ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі. У 1800 годзе тут уладарыў Дамінік Радзівіл. На той час тут было 277 двароў і каля 1200 жыхароў, дзейнічала паштовая станцыя.
У 1812 годзе на дарозе Мінск-Нясвіж каля Койданава адбыўся бой паміж рускім корпусам генерала Ламберта і атрадам генерала Касецкага з напалеонаўскага войска. Генерал Ламберт цалкам разбіў атрад Касецкага, узяў у палон каля 4000 жаўнераў. У выніку гэтага для рускага войска быў адкрыты шлях на Мінск.
Койданава належала Радзівілам да 1831 года. У 1831 годзе Міхал Радзівіл стаў актыўным удзельнікам паўстанне і за гэта Койданава ў яго было адабрана і перададзена ў казну. А вось недалёка ад Койданава ў вёсцы Дзягільна жыў адзін лідэраў паўстання 1831 года Адольф Янушкевіч. За ўдзел у паўстанні ён быў сасланы ў Казахстан.
У 1851 годзе ў цэнтры Койданава пачалося будаўніцтва Свята-Пакроўскай царквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Будынак паўстаў на старым месцы, дзе знаходзілася самая першая мясцовая царква, якую нападкаў пажар.
У 1936 годзе царква была зачынена, а мясцововага айца Сергія расстралялі ў Мінску. У 1941 годзе царкву зноў адчынілі, за таго часу храм дзейнічае без перапынку. У храме знаходзіцца абраз, прысвечаны Валянціне Мінскай з вёскі Крысава, якая вылечвала людзей і 1960-х гадах была кананізавана. Штогод 6 лютага ў царкве ўшаноўваецца яе памяць.
Падчас паўстання 1863 года у ваколіцах Койданава дзейнічалі атрады Ваньковіча і Аскеркі.
У 1871 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка. На прыпыначным пункце было пабудавана двухпавярховы будынак вакзала.
У 1897 годзе ў Койданава налічвалася амаль 5000 жыхароў. У 1899 годзе з’явілася запалкавая фабрыка, якая існавала да 1919 года.
Напачатку 20 стагоддзя ў Койданава было нямала яўрэяў. Тут дзейнічала сінагога і дзве яўрэйскія школы (хедеры). Драўляны будынак аднаго з хедэраў дайшоў да нашых часоў.
У 1908 годзе тут пачало дзейнічаць гарадское вучылішча, якое з 1912 года стала вышэйшай пачатковай школай. У 1912-13 гадах тут вучыўся паэт Кандрат Крапіва.
З лета 1915 года Койданава знаходзілася побач з фронтам. Мястэчка і чыгунастанцыю неаднаразова бамбіла нямецкая авіяцыя.
З лістапада 1917 года тут была ўсталявана савецкая ўлада, а вось у лістападзе 1920 годзе ў Койданва пачалося антыбальшавіцкае паўстанне супраць мабілізацыі ў армію. Паўстанцы нават абвясцілі незалежнасць Койданаўскай самастойнай рэспублікі, узначаліў паўстанне Паўлюк Калечыц. Штаб паўстанцаў размяшчаўся каля вёскі Дзягільна недалёка ад Койданава. Паўстанцы прытрымаліся каля 4 дзён, для задушэння выступлення былі напраўлены вайсковы атрад з Мінска. Пасля гэтага частка паўстанцаў сышла ў лясы і змагалася з бальшавікамі нават пасля Рыжскай дамовы 1921 года.
З Койданава паходзіць дзіцячы пісьменнік Артур Вольскі, які нарадзіўся тут у 1924 годзе.
А вось у маёнтку Дзяржынава у 35 км ад Койданава нарадзіўся вядомы бальшавіцкі дзеяч Фелікс Дзяржынскі. На цэнтральнай плошчы магчыма пабачыць ягоны помнік.
У 1932 годзе Койданава атрымала статус горада і ў хуткім часе было пераіменавана ў гонар Дзяржынскага ў Дзяржынск. Старую назову Койданава дарэчы захавала мясцовая чыгуначная станцыя. У 1932 годзе тут таксама быў створаны польскі аўтаномны раён, польская мова ўжывалася нараўне з іншымі на ўзроўні ўсіх дзяржаўных устаноў. Аўтаномны раён быў скасаваны праз 6 гадоў.
Фота: Кісцерны Кірыл