Гэтае паселішча вядома з 16 стагоддзя, калі яно належала роду Ільінічаў. Тут уладарыў маршалак надворны і стараста лідскі Юры Ільініч, а потым ягоны сын Шчасны Ільініч, які быў у шлюбе з Соф’яй Радзівіл. Апошнім прадстаўніком роду Ільінічаў быў Юры Шчаснавіч Ільініч, які дзяцей не меў. У сваім тэстаменце ў 1568 годзе ён завяшчаў свае ўладанні стрыечнаму брату Мікалаю Радзівілу Сіротке.
Потым маёнтак быў у закладзе, а ў 1577 годзе яго набыў епіскап Валерыян Пратасевіч і падараваў Віленскаму іезуіцкаму калегіюму. Іезуітам Дворышча належала на працягу двух стагоддзяў.
Пасля ліквідацыі ордэна іезуітаў у 1775 годзе Дворышча перайшло ў дзяржаўную уласнасць. Яго выкупіў трокскі суддзя Міхал Ромар. А вось з 1796 года тут ужо ўладарыў слонімскі земскі пісар Ігнацій Шукевіч. На пачатку 19 стагоддзя гаспадаром тут быў Цыпрыян Шукевіч, а вось іншай часткай маёнтка валодалі Войцах Пуслоўскі, а потым Антоній Наркевіч.
Пасля вайны 1812 года за падтрымку Напалеона ўладальнікамі маёнтка, ён быў канфіскаваны ў казну. У 1821 годзе маёнтак разам з фальваркамі Трокелі і Гураў набыў дзеючы стацкі саветнік Войцах Пуслоўскі. Пуслоўскі правёў рэканструкцыю сядзібнага дома, які застаўся тут яшчэ ад іезуітаў.
У 1833 годзе па спадчыне маёнтак Дворышча перайшоў да сына Войцаха Вандаліна Пуслоўскага. Ён здаў маёнтак у арэнду шляхцічу Аляксандру Вольскаму. У 1855 годзе ён ўжо набыў Дворышча ў Пуслоўскіх. Аляксандр Вольскі пабудаваў ў Дворышчы новы сядзібны дом. Асноўны чатырохпавярховы аб’ём дома быў драўляным, а па бакам стаялі дзве цагляныя вежы. Асноўны аб’ём палаца да нашых дзён не дайшоў. Пад левай трох’яруснай вежай, якая да нашых дзён таксама не дайшла, размяшчалася лядоўня. А вось правая чатырох’ярусная вежа з аглядальнай пляцоўкай захавалася да нашых дзён.
Таксама захаваўся і вадзяны млын, які быў пабудаваны недзе ў тыя ж часы на абводным канале ракі Жыжма недалёка ад палаца. Масіўны двухпавярховы будынак з бутавага камення і цэглы ў 2015 годзе быў выкуплены турыстычнай фірмай і адрэстаўраваны. Зараз тут знаходзіцца невялікі музей гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а таксама пякарня і бровар.
Недалёка знаходзяцца таксама і руіны лядоўні, пабудаванай у падобным стылі.
Пасля Аляксандра Вольскага ў Дворышчы ўладарыў ягоны сын Станіслаў Вольскі, які ў 1869 годзе за нявыплату далгоў страціў маёнтак. Дворшыча была перададзена ў арэнду губернскаму сакрэтару Віктару Петухову.
У 1870 годзе маёнтак набыў генерал-ад’ютант і член Дзяржаўнага савета Вільгельм Карлавіч Лівен. Потым тут уладарыў Вільгельм Густавіч Лівен, а пасял ягоны брат Карл Густавіч Лівен. У 1896 годзе сын Карла Мікалай прадаў маёнтак Сяргею Філіпаву.
Сяргей Філіпаў быў сынам вядомага рускага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча, сенатара Тэрцыя Філіпава. У маёнтку Дворышча ён у 1896 годзе заклаў крухмальны завод. Руіны будынка крухмальнага завода з колатага бутавага каменя і цэглы захаваліся да нашых дзён.
Недалёка ад яго захаваліся таксама руіны будынка кузніцы.
У 1905 годзе маёнткам Дворшча валодаў Іван Карышаў, а вось апошнім уладаром маёнтка быў Аўгуст Амберг.
Фота: Кісцерны Кірыл