Друя вядома з канца 14 стагоддзя, калі ў 1386 годзе яна ўзгадваецца ў “Хроніцы” Мацея Стрыйкоўскага, але людзі ў гэтых мясцінах верагодна жылі значна раней. Па Заходняй Дзвіне праходзіў гандлёвы шлях з вараг у грэкі і ў гэтых мясцінах дакладна бывалі людзі з Полацка. У вусце ракі Друйкі быў знойдзены адзін з так званых “барысавых камянёў”, які датуецца 12 стагоддзем. У 2002 годзе «барысаў камень» быў усталяваны на беразе Дзвіны, а пазней быў перанесены на галоўную плошчу Друі.

Друя была ўмацаваным пунктам Полацкай зямлі і да 15 стагоддзя належала полацкім князям, а ў 1496 годзе вялікі князь Літоўскі Аляксандр перадаў Друю князю Цімафею Масальскаму. У дакументах 16 стагоддзя ўзгадваецца друйскі замак, на тэрыторыі якога была царква Святога Пятра. Падчас адміністрацыйнай рэформы 1566 года Друя ўвайшла ў Браслаўскі павет. У 1579 годзе падчас Лівонскай вайны ў Друі спыняўся кароль Стэфан Баторый, далей з войскам ён рушыў на Вялікія Лукі. У канцы 16 стагоддзя ў Друі было створана Друйскае евангелле – выдатны помнік беларускай пісьменнасці. У 1654 годзе падчас чарговай вайны з Маскоўскай дзяржавай яно было вывезена ў Маскву, а зараз захоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе.

У 1600 годзе друйскія землі набывае канцлер Леў Сапега, але само мястэчка яшчэ застаецца за Масальскімі. З 1611 года мястэчкам Друя сталі валодаць Сапегі, якія зрабілі яе цэнтрам сваіх уладанняў на Браслаўшчыне. У 1618 годзе побач з Друяй Янам Станіславам Сапегай быў заснаваны новы горад Сапежын, які ў 1620 годзе атрымаў Магдэбургскае права, а разам з ім і ўласны герб – на блакітным полі ладзя з парусам.

                                                                                            

Тут, на беразе Заходняй Дзвіны, Ян Сапега пабудаваў новы каменны замак. У хуткім часе Сапежын зліўся са старой Друяй, дзеянне Магдэбургскага права распаўсюдзілася на усе часткі мястэчка. Друя хутка развівалася, тут былі рамесніцкія цэхі амаль усіх спецыяльнасцяў, развіваўся гандаль. У Сапежыне знаходзілася драўляная ратуша, дамініканскі касцёл, дамы рамеснікаў. Іншая частка паселішча – Прыдруйск, у той час з’явілася  на іншым беразе Заходняй Дзвіны (зараз гэта пасёлак Піедруя ў Латвіі).

У ў 1643 годзе падканцлерам Казімірам Сапегай, сынам Льва Сапегі, у Сапежыне быў заснаваны кляштар бернардынцаў. Будынкі касцёла і кляштара бернардынцаў сталі першымі культавымі мураванымі пабудовамі на Браслаўшчыне. Касцёл быў асвечаны ў гонар Святой Троіцы. Будынак мае рысы стылю барока. У 1770-я гады храм быў рэканструяваны, да яго была дабудавана 25-метровая вежа-званіца. 

Таксама у той час увакол комплекса была пастаўлена мураваная агароджа з арачнай брамай.

У 1923 годзе ў будынках кляштара бернардынцаў з дазволу папы Рымскага быў адкрыты першы беларускі кляштар марыянаў. Марыяне пры кляштары заснавалі беларускую школу, якая з 1930 года стала гімназіяй імя Стэфана Баторыя. Тут выкладалі вядомыя дзеячы Фабіян Абрантовіч, Андрэй Цікота, Язэп Германовіч. Гэтую гімназію скончылі многія знакамітыя людзі, напрыклад Чэслаў Сіповіч — біскуп беларусаў замежжа, заснавальнік беларускай школы і музея ў Лондане. 

Дзякуючы марыянам стала рэлігійным цэнтрам, сюды прязжалі многія дзеячы культуры. Польскім уладам не падабалася такая актыўнасць, яны зачынілі беларускую гімназію, а ў 1938 з дапамогай паліцыі манахі-марыяне былі адсюль высланы.

З 1947 года касцёл быў зачынены, потым у ім размяшчаліся розныя навучальныя ўстановы, а з 1990-х ён быў зноў вернуты каталікам. Зараз храм рэстаўруецца.

Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-67 гадоў Друя была моцна пашкоджана, неакалькі разоў мястэчка палілі. У 1656 годзе падчас пахода на Рыгу тут спыняўся цар Аляксей Міхайлавіч.

У канцы 17 стагоддзя па фундацыі браслаўскага падчашага Пятра Казіміра Качаноўскага ў Друі быў заснаваны кляштарны комплекс дамініканцаў. У 1760-70-я гады па праекце італьянскага архітэктра Антоні Парака ў складзе комплеска быў пабудаваны касцёл Святога Антонія. У 1831 годзе комплекс быў зачынены і з 1839 года перададзены праваслаўным. У 1909 годзе касцёл, які ўжо пачаў разбурацца, быў узарваны. Ад комплекса да нашых дзён захаваліся рэшткі званіцы, якая у 19 стагоддзі была перароблена пад капліцу, а з 1950-х гадоў паволі разбураецца.

У першай палове 17 стагоддзя на высокім месцы над Дзвіной у Друі была пабудавана драўляная царква. Але падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-67 гадоў царква спалена. У 1740-х гадах на тым жа месцы быў пабудаваны новы мураваны храм, які быў асвечаны як Благавешчанская царква. У часы Расійскай у імперыі, у 19 стагоддзі да будынка была прыбудавана вежа-званіца ў псеўдарускім стылі. Пасля Айчыннай вайны, з 1960-х гадоў царква была зачынена. Пэўны час тут жылі цыгане, потым быў склад. Зараз пад кіраўніцтвам святара і з дапамогай валанцёраў распачынаецца аднаўленне царквы.

У 19 стагоддзі на мясцовых могліках была пабудавана невялікая драўляная капліца. У сярэдзіне 20 стагоддзя, калі ўсе іншыя храмы тут закрылі, людзі перарабілі яе пад царкву Святога Георгія. Капліца-царква дзейнічае і зараз.

У 1700 годзе Аляксандр Сапега перадаў друйскія ўладанні барону Мантойфелю, з 1705 года Друяй валодалі Агінскія. Мястэчка было значна пашкоджана падчас Паўночнай вайны.

У мястэчку Друя з даўніх часоў жылі і яўрэі. У канцы 18 стагоддзя у Друі была пабудавана адна з самых велічных сінагог у Вялікім княстсве Літоўскім, да нашых дзён яна не дайшла. Да нашых дзён захавалася іншая невялікая сінагога, якая была пабудавана ў канцы 19 стагоддзя.

Пры сінагозе таксама была школа, у розныя гады ў ёй вучыліся ізраільскі сатырык Аўтэр Друянаў, жонка рэвалюцыянера Зіноў’ева Злата Ліліна. На поўдні мястэчка знаходзяцца старажытныя яўрэйскія могілкі. Першыя пахаванні тут датуюцца 16 стагоддзем, на могілках захаваліся унікальныя для Беларусі каляровыя роспісы на надмагільных плітах.

Акрамя іншых канфесій у Друі жылі і стараверы. У пачатку 20 стагоддзя адна з мясцовых хат была прыстасавана стараверскую царкву, асвечаную ў гонар Успення. Царква дзейнічае і зараз.

Першы падзел Рэчы Паспалітай падзяліў Друю на дзве часткі: землі на паўночным беразе Заходняй Дзвіны адышлі да Расійскай імперыі, а асноўная частка засталася ў Рэчы Паспалітай. Напамінам аб тых часах з’яляюцца рэшткі металічнага памежнага сталба на беразе ракі недалёка ад сучаснага памежнага сталба. А вось падчас Другога падзелу Рэчы Паспалітай Друя цалкам увайшла ў Расійскую імперыю.

У 1812 годзе каля Друі адбылася бітва паміж рускімі і французскімі войскамі, з абодвух бакоў загінулі больш за 1000 чалавек, тады у рускі палон быў узяты французскі генерал Санжэні. У 1830 годзе палкоўнік Шчытамір-Сухазает, удзельнік той вайны, ехаў праз Друю на Пецярбург і раптоўна тут памёр. Яго пахавалі недалёка ад царквы, на самым беразе Дзвіны.

У 1824 годзе Друяй пачалі ўладарыць Мілашы, якія набылі землі ў наваколлі.

У сярэдзіне 19 стагоддзя Друя была горадам, тут было каля 3500 жыхароў, дзейнічалі два гарбарныя заводы. Кожны год 6 студзеня на гандлёвай плошчы праходзіў трохдзённы кірмаш. Падчас сваіх вандровак па краіне ў Друю завітваў Напалеон Орда. На ягоным малюнку магчыма пабачыць як выглядала Друя на той час:

У 1897 годзе ў Друі было амаль 5000 жыхароў, на пачатку 20 стагоддзя працавалі тры фабрыкі. У цэнтры мястэчка было шмат крамаў і лавак рамеснікаў. Да нашых дзён з таго часу дайшлі дамы з рэгулярнай гарадской забудовы.

Падчас першай Сусветнай вайны недалёка ад Друі праходзіў франт, а ў горадзе стаяў пяцітысячны вайсковы гарнізон рускай арміі. Для патрэб фронту ад Друі да Браслава і Опсы пабудавалі вузкакалейную чыгунку. Зараз у памяць аб гэтым усталяваны помнік.

У 1919 годзе з наступам польскіх войкаў Друя на кароткі часам становіцца цэнтрам Браслаўскага павета. З 1921 года Друя ўвайшла ў склад Польшчы, а Прыдруйск – у склад Латвіі. З польскіх часоў у Друі захаваўся будынак старой школы, пабудаванай у 1936 годзе. На Браслаўшчыне было пабудавана 70 такіх школ па праграме Юзафа Пілсудскага.

Фота: Kisterny Kiryl