Людзі ў гэтых месцах жывуць з часоў палеаліта. У 9 стагоддзі ў месцы ўпадзення рэчкі Дашкі ў Дняпро ўзнікла ўмацаванае гарадзішча. Тут праводзіліся раскопкі, былі знойдзены рэшткі зброі і старажытныя ўпрыгожванні.
Упершыню ў летапісах гэтае паселішча узгадваецца ў 1597 годзе. Заснаваў яго крычаўскі стараста Багдан Саламярэцкі і назваў у свой гонар Багданава. Багдан Саламярэцкі праславіўся ў бітве пад Улаю – ён першы кінуўся ў бой з маскоўцамі.
На пачатку 17 стагоддзя Багдан Саламярэцкі пабудаваў тут драўляную царкву. У канцы 19 стагоддзя была пастаўлена новая цагляная царква Святога Мікалая. У 1960 годзе царква была ўзарвана. Зараз пад царкву прыстасаваны звычайны драўляны дом, які быў асвечаны як царква Святога Сергія Раданежскага.
Здаўна ў Багданава было нямала паляўнічых, таму што ў мясцовых лясах было шмат звяроў. Скуры вазілі на продаж у Магілёў. У 1648 годзе падчас казацкага паўстання Багдана Хмяльніцкага частка жыхароў Дашкаўкі (у асноўным паляўнічыя) падтрымалі казакаў і далучыліся да іх войска.
Падчас Першага Падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай Імперыі. Пасля ўваходу ў Расійскую Імперыю Дашкаўка належала панам Жукоўскім. Атрымаў Дашкаўку афіцэр расійскага флоту Іван Жукоўскі. Спачатку Жукоўскія тут не жылі і здавалі Дашкаўку ў арэнду.
11 ліпеня 1812 года паміж Дашкаўкай і Салтанаўкай адбылася бітва паміж корпусам французскага маршала Даву і рускага генерал-лейтэнанта Раеўскага. У бітве загінула каля 8000 жаўнераў з абодвух бакоў. Дарэчы ў корпусе маршала Даву было шмат беларускіх шляхцічаў, якія падтрымалі Напалеона. У памяць аб героях 1812 года на месцы бітвы была пастаўлена капліца.
Дашкаўка моцна пацярпела ад гэтай вайны і Жукоўскія прыехалі аднаўляць маёнтак. Тут яны пабудавалі драўляны палац, увакол якога разбілі парк. У парку таксама была выкапана сажалка, дзе разводзілі карпаў.
Жукоўскія пабудавалі ў Дашкаўцы школу і вялікае зернесховішча (“магазін”), куды звозілі зерне з навакольных вёсак. Таксама на рацэ Дашке быў пабудаваны млын.
У Дашкаўку завітваў Напалеон Орда і пакінуў малюнак мясцовага краявіда разам з млыном:

Напалеона Орду ў Магілеве сустрэў уладальнік Дашкаўкі Эдвард Жукоўскі. Ягоная дачка і запрасіла Орду пагасціць у іх маёнтку.
Апошнім уладаром Дашкаўкі быў Вікенцій Жукоўскі. На пачатку 20 стагоддзя на месцы старога палаца ён пабудаваў новы цагляны палац у эклектычным стылі з элементамі стылю мадэрн. Палац мае два паверхі, з аднаго боку мае трох’ярусную вежу.

Перад Першай Сусветнай вайной у сваёй стаўцы ў Магілёве быў імператар Мікалай ІІ. Падчас прагулкі па Дняпру ён заўважыў палац і па просьбе сваёй жонкі прапанаваў Жукоўскаму набыць палац, але той адмовіўся.
Расказваюць што неяк Жукоўскі пачуў прыгожую ігру на скрыпцы. Ён даведаўся, што гэта іграе Юры Гайн – мясцовы музыка і майстар па вырабе скрыпак. Пасля гэтага ён заўсёды запрашаў майстра сыграць, калі да яго прыязжалі госці. Скрыпкі ў Юрыя пачалі замаўляць нават многія з прыезжых гасцей.
У 1912 годзе Вікенцій Жукоўскі пабудаваў у Дашкаўцы бальніцу для бедных людзей. Падчас Першай Сусветнай і Айчыннай вайны тут быў шпіталь. Будынак бальніцы добра захаваўся да нашых дзён.

У 1934 годзе ў Дашкаўцы быў заснаваны конезавод. Сюды завезлі 200 рысакоў англійскай пароды Траканеў. Тут коней і трэніровалі, быў свой іпадром. Мясцовыя коні 95 перамагалі на спаборніцтвах. Раз у год 50 коней адсюль адпраўлялі ў Чырвоную армію.
Фота: Кісцерны Кірыл
