Раней гэтае паселішча звалося Красны бераг (красны мае сэнс слова “прыгожы”), але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі слова красны пераклалі на беларускую мову. Паселішча знаходзіцца на беразе ракі Добасна, якая ўпадае ў Дняпро.

Упершыню у летапісах Красны бераг узгадваецца ў 1528 годзе. Тады тут уладарыў шляхціч Аляксей Зянковіч, а потым і ягоныя нашчадкі. Зянковічы ўладарылі тут на працягу 120 гадоў. А вось у 1642 годзе па жаночай лініі Красны бераг перайшоў ад Зянковічаў да Солтаноў. Солтаны былі тут гаспадарамі каля 30 гадоў, а потым прадалі гэтыя мясціны рэчыцкаму пісару Міхалу Руцкому.

Пасля Міхала тут уладарыў ягоны сын Адам, унук Аляксандр і праўнук Генрых, які быў апошнім прадстаўніком гэтага роду па мужчынскай лініі. Па-жаночай лініі Красны бераг перайшоў да Уланкоўскіх, потым тут уладарылі Варанецкія, а ў 1789 годзе дачка князя Фларыяна Варанецкага – Канстанцыя пабралася шлюбам з мсціслаўскім падстольнічым Тамашам Грыневічам.

Адзін з наступных прадстаўнікоў гэтага роду і ўладар Краснага берага Тамаш Грыневіч у 1863 годзе ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім павеце. Пасля хуткай паразы паўстання на усходніх землях па прыгавору суда ён быў расстраляны ў Рагачове. Маёнткі ў яго былі адабраныя, а новым уладаром тут у 1866 годзе стаў палкоўнік Багародскі.

У 1876 годзе за 6200 рублей Красны бераг у Багародскага набыў Міхал Гатоўскі. Ён быў генерал-лейтэнантам інжынерных войск. Міхал быў жанаты з Мальвінай з роду Лапаў. Разам з жонкай Гатоўскія вырашылі зрабіць тут сваю рэзіденцыю. Напрыканцы 19 стагоддзя Міхал Гатоўскі дзеля гэтага запрасіў у Красны бераг вядомага архітэктара Віктора Шрэтэра.

У Гатоўскіх быў сын Аляксандр і дачка Марыя. Марыя пабралася шлюбам з Вікенціем Козел-Паклеўскім. Вікенцій Козел-Паклеўскі быў буйным прадпрымальнікам, меў руднікі і залатыя прыіскі на Урале і ў Сібіры. Ён і стаў фактычным гаспадаром сядзібы і прыняў актыўны ўдзел у яе стварэнні.

Архітэктар Віктар Шрэтэр распрацаваў праект палаца у эклектычнм стылі з рысамі готыкі і рэнесансу. Палац мае асіметрычную шматпланавую кампазіцыю. Ён створаны ў форме літары “г” у гонар прозвішча Гатоўскага.

З кожанага боку палаца магчыма пабачыць розныя цікавыя архітэктурныя элементы некалькіх стыляў. Будаўніцтва палаца пачалося ў 1890 годзе і працягвалася каля 3 гадоў.

Інтэр’ер палаца таксама вельмі арыгінальны. Кожны пакой тут быў зроблены ў сваім стылі. Напрыклад, бальная зала была створана ў стылі Людовіка XVI, сталовая – у раманскім стылі, а асаблівую цікавасць мае арабская зала ў стылі Альгамбры, гэта адзіная зала ў гэтым стылі на Беларусі. Інтэр’ер палаца ўпргожвалі розныя каштоўныя дэталі: венецынскі крышталь, англіскі фаянс, французскі фарфор. Таксама ў палацы была свая галерэя жывапісу.

Недалёка ад палаца тады ж быў пастаўлены і двухпавярховы мураваны флігель для прыслугі.

Побач з палацам быў разбіты парк у англіскім стылі на плошчы ў 10 гектараў. Стваральнікам парку быў Францішак Шанер. З заходняга боку парка быў высаджаны пладовы сад. У парку было шмат рэдкіх дрэў, быў выкапаны канал з масткамі праз яго, а на узгорках стаялі мураваныя альтанкі.

Комплекс быў абнесены цаглянай агароджай з уязной брамай у выглядзе стральчатай аркі ў неагатычным стылі.

Козел-Паклеўскія разам з палацам стварылі тут і вялікі гаспадарчы комплекс. Тут былі аранжарэі, вадакачка ў выглядзе замкавай вежы. Таксама стаяў бровар, будынак якога дайшоў да нашых дзён. Акрамя таго захаваўся будынак стайні.

Козел-Паклеўскія ў асноўным жылі ў Пецярбурзе, а ў Красны бераг прыязжалі на адпачынак. Красны бераг належаў Козел-Паклеўскім да прыходу савецкай улады. Апошнім уладаром тут быў Аляксандр Козел-Паклеўскі – сын Вікенція і Марыі. У 1918 годзе ён іміграваў у Англію, дзе памёр у 1962 годзе і быў пахаваны.

Пасля прыходу савецкай улады Красны бераг змяніў назву на Чырвоны бераг. У палацы была размешчана сельскагаспадарчая школа, якая потым стала аграрным коледжам. Аграрны коледж і зараз размяшчаецца на тэррыторыі сядзібы, але ўжо ў новых карпусах. А вось у будынку палаца з 1990-х гадоў праводзілася рэстаўрацыя, якая было скончана ў 2015 годзе. Зараз у палацы размяшчаецца музей.

Падчас Айчыннай вайны немцы зрабілі ў Чырвоным беразе дзіцячы лагер, куда звозілі дзяцей для донарства крыві. На месцы пахаванняў дзяцей у 2006 годзе быў створаны мемарыяльны комплекс, які назвалі “Плошча сонца”.

Фота: Кісцерны Кірыл