Упершыню ў летапісах Чарнаўчыцы ўзгадаваюцца ў 15 стагоддзі, калі яны належалі шляхцічу Няміру Ваўчкевічу. Ён прадаў маёнтак Івашку Ільінічу, які быў ахоўнікам вялікага князя Казіміра і стаў наместнікам смаленскім. А вось ягоны нашчадак Юры Ільініч ўзяў жонку з роду Радзівілаў. Так, пасля ягонай смерці, Чарнаўчыцы патрапілі да роду Радзівілаў.
Уладаром Чарнаўчыц быў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка – вядомы палітычны і грамадскі дзеяч, маршалак Вялікага княства Літоўскага. Ён вырашыў заснаваць графства с цэнтрам у Чарнаўчыцах. Мястэчка пачало хутка расці, тут пачала будавацца розная інфраструктура. Дарэчы Чарнаўчыцы знаходзілісь у зручным месцы, на тракце Люблін-Бярэсце-Вільня. Мястэчка уваходзіла ў Берасцейскае ваяводства.
У 1583 годзе на цэнтральнай плошчы Чарнаўчыц Мікалаем Радзівілам быў закладзены Траецкі касцёл. Архітэктарам храма быў італьянскі дойлід. У архітэктуры касцёла спалучаюцца гатычныя і рэнесансныя рысы, пры гэтым ён мае выразныя рысы абарончага дойлідства. Сцены храма маюць таўшчыню да 1,3 метраў, а з паўднёвага кута будынак умацаваны круглай вежай.
Знешні выгляд храма амаль не мяняўся з моманту ягоный пабудовы. Падчас Айчыннай вайны немцамі было моцна пашкоджана ўбранне касцёла: былі спалены старажытныя драўляныя скульптуры, абразы, харугвы. Недалёка ад касцёла знаходзіцца таксама чатырох’ярусная званіцца з шатровым дахам. Яна была пабудавана разам з касцёлам і таксама мае рэнесансныя рысы.
У сярэдзіне 17 стагоддзя ў Чарнаўчыцкам графстве налічвалася каля 400 вёсак. У 1671 годзе Радзівілы пабудавалі ў Чарнаўчыцах аднапавярховы палац. Аніякіх выяў гэтага будынка да нашых дзён не дайшло, а разбураны ён быў падчас Першай Сусветнай вайны. Побач з палацам быў заснаваны звярынец, дзе трымалі звяроў з Белавежскай пушчы.
У 1718 годзе Чарнаўчыцы атрымалі Магдэбургскае права і ўласны греб.
А вось у 1733 годзе ў Чарнаўчыцах была пабудавана драўляная царква Параскевы Пятніцы. Храм будаваўся мясцовымі майстрамі, у ягонай архітэктуры спалучаюцца рысы барока з элементамі народнага дойлідства. У 19 стагоддзі царква была крыху перабудавана, а ў 1987 годзе адноўлена пасля пажару.
У першай палове 18 стагоддзя гэтымі землямі валодаў наваградскі ваявода Ян Мікалай Радзівіл. У 1705 годзе ў яго нарадзіўся сын Марцін. Марцін Радзівіл вучыўся ў Нямеччыне і Францыі, цікавіўся дакаладнымі навукамі. Падчас сустрэчы з каралем Рэчы Паспалітай Аўгустам Моцным ён уразіў яго сваёй адукаванасцю і нават атрымаў пасаду дворнага крайчага. Пасля смерці ягонага бацкі Марцін атрымаў шмат зямель, сярод іх Клецкую ардынацыю і Чарнаўчыцкае графства. Марцін застаўся жыць менавіта ў Чарнаўчыцах, стварыў у палацы хімічную лабараторыю, дзе праводзіў амаль увесь час. Па чутках ён працаваў над вынаходніцтвам “філасофскага камня”. У Чарнаўчыцы да Марціна пачалі ехаць розныя чарнакніжнікі і калдуны.
Усё гэта непакоіла родзічаў Марціна з роду Радзівілаў і яны вырашылі ажаніць яго з Аляксандрай з роду Бяльхацкіх. Пасля вяселля Марцін адышоў ад сваёй ідэі, пачаў з’яўляцца ў грамадстве. У шлюбе з Аляксандрай у Марціна нарадзіўся сын, а вось падчас наступных чарговых родаў Аляксандра памерла.
Гэта падзея моцна паўплывала на Марціна. Ён зноў зачыніўся ў сваёй лабараторыі і пачаў свае вопыты. Зараз асноўнай ягонай марай стала раскрыццё сакрэта неўміручасці. Ён пачаў вывучаць кабалу і нават перайшоў у іудаізм. У Чарнаўчыцы пачалі з’язжацца яўрэі, якіх ён запрашаў на ўсе пасады. Многія пачалі лічыць Марціна вар’ятам, а ён жорстка помсціў сваім апанентам. Па загадзе Марціна ягоны слуга Грабоўскі ездзіў з атрадам па ягоным ўладанням і забіваў таго, хто крытыкаваў гаспадара.
Аднойчы Марцін збіў да паўсмерці каталіцкага святара, а касцёл давёў справу да суда. Справа была досыць сур’ёзнай і Радзівілы спужаліся, што суд канфіскуе землі ў іх родзіча. Тады яны дамагліся, каб Марціна прызналі вар’ятам. Арыштаваць Марціна адправіўся Геранім Радзівіл з атрадам. Ён з боем узяў Марціна і адвёз яго ў турму ў Слуцк, а ягоныя землі ўзяў пад сваю апеку. Марцін Радзівіл знаходзіўся ў слуцкай турме да самай сваёў смерці ў 1782 годзе.
З 1778 года ў Чарнаўчыцах жыў паэт і перакладчык Фабіян Саковіч, які выкладаў у Нясвіжскім калегіюме, пераклаў на польскую мову творы Гарацыя.
Напрыканцы 18 стагоддзя ў Чарнаўчыцах дзейнічаў вадзяны млын з адзінацаццю калёсамі. На той час у Чарнаўчыцкае графства уваходзілі 9 фальваркаў, дзе Радзівілы для атрымання прыбытку пабудавалі ўвогуле 13 млыноў і адкрылі 24 карчмы.
Падчас ІІІ Падзелу Рэчы Паспалітай Чарнаўчыцы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, у Гродзенскую губерню.
У першай палове 19 стагоддзя сярод уладароў Чарнаўчыц быў унук Марціна Антоній Радзівіл. Ён быў мецэнатам і кампазітарам. Антоній стварыў оперу “Фауст”, якую прысвяціў свайму дзеду. У 1835 годзе гэта опера паспяхова прайшла на сцэнах еўрапейскіх тэатраў, яе высока ацаніў і сам аўтар тэксту — Гётэ.
Чарнаўчыцы належалі Радзівілам да другой паловы 19 стагоддзя, калі тут пачалі ўладарыць Грабоўскія.
У 1862 годзе ў Чарнаўчыцах была створана народнае вучылішча. А вось пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе мясцовы касцёл быў передадзены праваслаўным.
У 1892 годзе тут быў створаны хрустальна-шкляны завод, на якім працавалі 250 чалавек. Таксама тут былі розныя майстэрні, 6 кузняў. Насельніцтва мястэчка на пачатку 20 стагоддзя складала каля 1500 чалавек.