Наконт узнікнення гэтага паселішча існуе наступнае паданне.

У 1240 годзе чатырыхі манахі з Кіева-Пячорскай лаўры ратаваліся падчас нападу татар. Яны ўзялі з сабой візантыскі абраз і паплылі на лодцы па Дняпры. Манахі адплылі вельмі далёка і прысталі да берага ў гэтых месцах. Яны ступілі на бераг, узышлі на мясцовую гару і вырашылі тут пераначаваць. У сне ім явіўся цуд – абраз заззяў святлом. Тады манахі палічылі гэта знакам, што трэба застацца тут. На гары яны заснавалі манастыр і паставілі царкву Святога Іллі. Кажуць, што абраз саппраўды ззяў і свет яго было відаць навокал, асабліва ўначы. Манахі пачалі называць гэтае месца “білы нічы” – па-ўкраінску гэта белыя ночы. Вось адсюль і пайшла назова Бялынічы.

Ад манастыра на гары нічога не засталося. Побач з манастыром тут раней былі і старажытныя могілкі, ад якіх застаўся адзін стары каменны крыж.

Таксама на гары быў усталяваны валун з шыльдай “Адсюль пачаліся Бялынічы”.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Бялынічы дакладна ўзгадваюцца ў 1577 годзе, калі яны належалі віцебскаму ваяводзе Стэфану Збаражскаму, які заснаваў тут замак “Белы горад” ці “Белагарадок”. Стэфан Збаражскі быў у шлюбе з Настассяй Мсціслаўскай, а калі яна раптоўна памерла, то ён ажаніўся ў другі раз з Даротай Фірлей, у іх нарадзілася дачка Барбара. Пасля смерці Стэфана Бялынічамі валодала Дарота, якая у другі раз ажанілася з канцлерам Львом Сапегай. Але праз некалькі год пасля заключэння гэтага шлюба яна памерла. Леў Сапега прыняў Барбару як дачку, даў ёй добрую адукацыю, выдаў замуж з добрым пасагам, але праз некалькі год пасля вяселля Барбара памерла. Пасля гэтага Бялынічы перайшлі да Льва Сапегі.

Пры Сапегах Бялынічы ўжо былі мястэчкам, тут развіваўся гандаль. Леў Сапега фундаваў пабудову тут касцёла і кляштара кармелітаў. Кляштару ён перадаў шмат вёсак і фальварак, а таксама падарыў абраз. Пры кляштары кармелітаў у 1624 годзе ён заснаваў друкарню.

Пасля смерці Льва Сапегі Бялынічамі валодаў ягоны сын Казімір. Ён таксама выдаў фундуш касцёлу: аздобіў алтар срэбрам, а абраз — каштоўнымі камянямі.

4 кастрычніка 1634 года Бялынічы атрымалі Магдэбургскае права і ўласны герб, які пазней быў страчаны.

Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1654 годзе недалёка ад Бялыніч адбылася бітва паміж войскам Рэчы Паспалітаў на чале з Янушам Радзівілам і казацкім палком Канстанціна Паклонскага, які выступаў на баку маскоўскага цара. Нягледзячы на перамогу ў гэтай бітве Януша Радзівіла, Бялынічы былі заняты маскоўскімі войскамі і знаходзіліся пад маскоўскай акупацыяй да 1667 года, калі было заключана Андрусаўскае перамір’е.

Бялынічамі валодалі Сапегі, потым Радзівілы, а з пачатку 18 стагоддзя – Агінскія. Калі тут уладарыў Ігнат Агінскі з жонкай Аленай, то драўляны кляштар і касцёл кармелітаў згарэлі. Тады манахі звярнуліся да Агінскіх і тыя фундавалі пабудову ў Бялынічах новага мураванага касцёла. У 1761 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Ушэсця Маці Божай. Касцёл быў пабудаваны ў стылі барока і ўмяшчаў больш за 3000 чалавек.

У касцёле былі старажытныя фрэскі і абразы. Старажытны Бялыніцкі абраз падчас вайны з Масковіяй у 17 стагоддзі быў вывезены ў Ляхавіцкі замак, а вось Аленай Агінскай ён быў вернуты у новы касцёл. Да абраза ішло шмат паломнікаў, Бялынічы нават пачалі называць “беларускім Чэнстахова”. Гэты абраз быў нават каранаваны Папай Рымскім, а пры кляштары ў Бялынічах жыў папскі нунцый.

Пасля I Падзела рэчы Паспалітай Бялынічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1785 годзе тут было каля 800 жыхароў, акрамя касцёл дзейнічалі дзе уніяцкія царквы.

У 1827 годзе ў Бялынічах было 1085 жыхароў, а ў 1861 годзе – 1945 жыхароў.

У 1861 годзе ў Бялынічах каля касцёла адбылося адно з першых на Беларусі выступленняў супраць царызму. Народ сапраўся ля касцёла і на працягу 40 гадзін спяваў гімны.

А вось пасля паўстання 1863 года нехта спецыяльна падкінуў у касцёл мяшок са свінцом і кулямі. Каталікоў абвінавацілі ў падтрымцы паўстання, касцёл зачынілі. У 1876 годзе ягоны будынак перадалі праваслаўным і храм стаў царквой. Побач быў адкрыты мужчынскі праваслаўны манастыр, Манастыр існаваў тут да 1918 года. З прыходам бальшавікоў касцёл пераўтварылі ў клуб, вежы і купал храма былі знесены. Потым тут быў кінатэатр, склад, а ў 1960-х гадах будынак наогул узарвалі.

Да нашых дзён захаваліся выявы бялыніцкага касцёл, напрыклад, яго маляваў Напалеон Орда:

Каля касцёл зачынілі, цудадзейны абраз Маці Божай з храма захоўваўся ў Магілёве, разам з Крыжам Ефрасініі Полацкай. Падчас Айчыннай вайны, як і знакаміты крыж, ён знік у невядомым накірунку.

Існуе аднак такая паданне, што яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя, калі касцёл перадавалі праваслаўным, ксёндз Гадлеўскі замяніў абраз на копію, а сапраўдны святы абраз недзе ў сутарэннях касцёла.

У 1880 годе ў Бялынічых дзенічалі тры царквы, бальніца, аптэка, млын, цагляны завод, бровар-вінакурня. Будынак бровара дарэчы дайшоў да нашых часоў, нядаўна да яго дабудавалі частку, у будынку зараз знаходзіцца баптысцкі храм.

У 1897 годзе ў мястэчку Бялынічы было 2215 жыхароў, сярод якіх амаль палову складалі яўрэі.

У 1924 годзе Бялынічы сталі цэнтрам Бялыніцкага раёна, а ў 1938 годзе атрымалі статус гарадскога пасёлка.

У 1990-м годзе на месцы старога касцёла у Бялынічах была пастаўлена праваслаўная царква, якую асвяцілі ў гонар Абраза Маці Божай Бялыніцкай. У храме знаходзіцца адна з копій абраза.

У вёсцы Крынкі сучаснага Бялыніцкага раёна ў 1872 годзе нарадзіўся вядомы беларускі мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Дарэчы ён паходзіць з роду шляхцічаў Біруляй, якія ў 16 стагоддзі нейкі час валодалі Бялынічамі і прыбавілі да свайго прозвішча частку Бялыніцкія. У Бялынічах у гонар мастака названы мясцовы Мастацкі музей, дзе экспануюцца некаторыя працы мастака.

Фота: Кісцерны Кірыл

Tags: