Назова гэтая верагодна паходзіць ад стараславянскага слова “балонь”, якое азначае нізкае месца каля ракі. Дарэчы  Блонь стаіць на беразе ракі Тытоўкі.

Першыя ўзгадкі пра сяло Блонь ёсць у юрыдычных актах ВКЛ за 1582 год. Дарэчы ў тыя часы гэтую мясціну называлі “гняздом разбойнікаў”, таму што на шляху і ў мясцовых лясах было шмат рабаўнікоў і бандытаў.

У 1742 годзе Блонню ўладарыў паэт, гісторык і прапаведнік Юзаф Бак. Ён запрасіў сюды манахаў-іезуітаў і пабудаваў ім драўдяны касцёл, а ў 1745 годзе заснаваў кляштар іезуітаў. Пасля смерці Юзафа маёнтак Блонь перайшоў да іезуітаў. Будынкі кляштара і касцёла да нашых дзён не дайшлі: яны былі разбураны недзе ў сярэдзіне 19 стагоддзя.

У сярэдзіне 19 стагоддзя ў Блоні ўладарылі Панінскія, а потым маёнтак перайшоў да Асоўскіх.

У 1826 годзе ў Блоні была пабудавана драўляная Свята-Троіцкая царква у класічным стылі.

У 1930-я гады святаром у храме быў Аляксандр Шалай. Але ў 1935 годзе з царквы знялі калакалы і зачынілі яе. Падчас перапісу 1937 года святар пачаў збіраць подпісы мясцовых жыхароў за захаванне царквы. За гэта яго арыштавалі і пасадзілі ў Бабруйскую турму, а потым расстралялі. Аляксандр Шалай быў далучаны да ліку новапакутнікаў.

 

У сярэдзіне 19 стагоддзя Антон Асоўскі паставіў у Блоні драўляны сядзібны дом. Верагодна будынак з’явіўся на месцы былога езуіцкага клаштара. Будынак мае рысы класічнага стылю, галоўны ўваход упрыгожаны порцікам з чатырма калонамі. 

На пачатку 20 стагоддзя з аднаго боку да палаца была прыбудавана двухпавярховая вежа-рызаліт.

Раней недалёка ад сядзібнага дома знаходзіліся і розныя гаспадарчыя пабудовы. На раке Тытоўка працаваў вадзяны млын, які да нашых дзён не дайшоў. Прыкладна ў гэтым месцы зараз перакінуты пешаходны мост праз раку.

Таксама тут былі флігелі, сыраварня, кузня. Дарэчы аднапавярховы мураваны будынак кузні, у якім доўгі час размяшчаўся крухмальны завод, да нашых дзён захаваўся.

Уладальнік Блоні Антон Асоўскі прымаў удзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. За гэта яго пазбавілі чыну і канфіскавалі маёнткі. Так Блонь патрапіла ў казну.

Наступным уладаром Блоні стаў стацкі саветнік Іосіф Бонч-Асмалоўскі, які набыў маёнтак у 1868 годзе. У Іосіфа Бонч-Асмалоўскага быў сын Анатоль, які стаў наступным уладаром Блоні.

Анатоль Бонч-Асмалоўскі вычуўся ў Пецярбурзе, уступіў у партыю народнікаў “Зямля і Воля”, а потым і ў партыю “Чорны перадзел”. З 1879 года Анатоль быў арыштаваны і высланы ў маёнтак Блонь пад нагляд паліцыі. У 23 гады ён ажаніўся з Барбарай Вахоўскай, якая таксама была актыўнай удзельнічай араганізацыі “Чорны перадзел”.

Кажуць, што першапачаткова гэты брак планаваўся як фіктыўны: ён мог выратаваць Барбару ад высылкі ў Сібір. Але Анатоль і Барбара сапраўды пакахалі адзін аднаго і былі добрай парай усё жыццё.

Вялікую частку даходаў ад маёнтка Анатоль перадаваў на рэвалюцыйныя мэты. У 1881 годзе ён даў шмат грошаў на арганізацыю друкарні “Чорнага перадзела” ў Мінску. У Блоні разам з жонкай ён стварыў сялянскі гурток самаадукацыі, а потым і сялянскую партыю. У гасцях у Бонч-Асмалоўскіх у Блоні былі розныя знакамітыя дзеячы: паэтэса Леся Украінка, дэлегаты Першага З’езда РСДРП, Адам Багдановіч – бацька Максіма Багдановіча, паэт Якуб Колас.

Дарэчы ёсць версія, што менавіта Анатоль Бонч-Асмалоўскі стаў прататыпам рэвалюцыянера Галубовіча з рамана Якуба Коласа “На ростанях”.

На пачатку 20 стагоддзя мінскі губернатар Курловіч называў Блонь “гняздом рэвалюцыйнай заразы” за дзейнасць ягоных уласнікаў.

Анатоль Бонч-Асмалоўскі быў неаднаразова арыштаваны, у самым пачатку 20 стагоддзя за арганізацыю сялянскага руху ў Блоні яго разам з сынам Іванам і сялянскімі актывістамі саслалі ў Усць-Каменагорск у Сібіры. У 1905 годзе ён аднак прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях у Маскве. Потым ён вярнуўся ў Блонь, а ў 1908 годзе быў зноў арыштаваны разам з жонкай і старэйшым сынам Іванам за рэвалюцыйную дзейнасць на Беларусі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Анатоль Бонч-Асмалоўскі быў абраны ў Маскоўскую гарадскую думу і пераехаў у Маскву. У снежні 1917 года ён прымаў удзел у Першым Усебеларускім з’ездзе. З 1926 года жыў Маскве, дзе і памёр у 1930 годзе.

Калі Анатоль Бонч-Асмалоўскі выязджаў з Блоні, то ўсю сваю маёмасць ён перадаў сялянам. Тады мясцовыя сяляне стварылі ў Блоні камуну “Чырвонае пламя” і пачалі гадаваць тут пародзістых свіней. Пазней яна была рэарганізавана у племянны завод “Индустрыя”, які дзейнічае тут і зараз.

У Анатоля і Барбары Бонч-Асмалоўскіх было чацвёра дзяцей. Старэйшыя дзеці падтрымлівалі рэвалюцыйную дзейнасць бацькоў, а вось малодшы сын Глеб стаў археолагам.

У 1924 годзе падчас раскопак у пячоры Кіік-Коба ў Крыму ён упершыню на тэрыторыі СССР знайшоў рэшткі неандэртальца і рэчы ранняга палеаліта. У 1920-я гады ён праводзіў таксама раскопкі на Гомельшчыне і Смаленшчыне.

У 1933 годзе Глеб Бонч-Асмалоўскі быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Варкуту, дзе быў 3 гады. У пачатку 1941 года з яго была знята судзімасць, а потым яму без абароны дысертацыі была нададзена ступень доктара гістарычных навук. Глеб Бонч-Асмалоўскі раптоўна памёр у 1943 годзе ў Казані, дзе і быў пахаваны.

Фота: Савачка Алег