Існуе версія, што назова Быхаў утварылася ад фразы “нібы хоў” ад татар у часы татарскіх набегаў.

Упершыню Быхаў узгадваецца ў летапісах у 1430 годзе, калі ён належаў князю Свідрыгайлу. У другой палове 15 стагоддзі тут уладарыў князь Друцкі-Зубравіцкі па мянушцы Сякера, а потым ягоная дачка Марына, якая была ў шлюбе з князем Гальшанскім-Трабскім. Пазней Быхаў належаў іх унуку Альбрэхту Гаштольду, а потым і ягонаму сыну Станіславу. Пры Гаштольдах у Быхаве была заснавана людвісарня па вырабу гармат.

Пасля смерці Станіслава, апошняга з роду Гаштольдаў, Быхаў адышоў у казну. Потым намеснікам тут стаў Іван Саламярэцкі, а ў 1556 годзе Быхаў перайшоў да Іераніма Хадкевіча. У 1561 годзе у Быхаве стаў уладарыць сын Іераніма — Ян Хадкевіч.

Ян Хадкевіч займаў шмат дзяржаўных пасад, быў маршалкам вялікім літоўскім. Ён атрымаў ад караля прывілей на заснаванне ў Быхаве мураванага абарончага замка. Першы камень замка быў закладзены ў 1590 годзе, а дабудоўваўся замкавы комплекс ужо наступнымі ўладарамі Быхава. Таксама Ян Хадкевіч заснаваў у Быхаве касцёл Святога Казіміра.

Праз шлюб дачкі Ян Хадкевіча — Ганны з Янам Станіславам Сапегай Быхаў перайшоў да роду Сапег. Ягонымі ўладарамі з роду Сапег былі Казімір Леў, Павел Ян, Юрый Станіслаў, Антоній Казімір. Сапегам Быхаў належаў да другой паловы 18 стагоддзя. З тых часоў горад называлі Стары Быхаў і ён быў цэнтрам Быхаўскага графства ў Аршанскім павеце.

Сапегі працягнулі будаўніцтва замка. Былі ўзведзены бастыённыя ўмацаванні, з трох бакоў замак абкружалі глыбокія ірвы, а з чацвёртай быў высокі бераг Дняпра. Замак меў форму прамавугольніка з бакамі 100 на 80 метраў. З заходняга боку па вуглах былі пастаўлены дзве васьмігранныя вежы.

На усходнім баку, на высокім беразе Дняпра, размяшчаўся галоўны замкава-палацавы корпус, які таксама меў дзве дазорныя вежы з боку ракі.

Пакоі ўладароў і парадныя залы знаходзіліся на другім паверсе, уваход у іх ажыццяўляўся праз галерэю. Побач з гэтым будынкам знаходзіліся казармы для вайсковых атрадаў.

Важным фарпостам абароны горада быў і будынак быхаўскай сінагогі. Яна была пабудавана ў першай палове 17 стагоддзя ў рэнесансным стылі. Абарончы будынак сінагогі мае сцены таўшчынёй 2 метра, а таксама круглую вежу з байніцамі ў адным з кутоў будынка.  

Быхаўскі замак лічыўся адным з самых непрыступных у ВКЛ. У 1648 годзе яго не здолелі ўзяць казацкія атрады Гаркушы. А вось з лета 1654 года Быхаўскі замак 11 месяцаў безвынікова трымаў у аблозе атрад Івана Залатарэнкі разам з маскоўскімі палкамі ваяводы Трубяцкога.

Па легендзе адзін з абаронцаў замку – арганіст снайперскім стрэлам забіў Залатарэнку – сваёй куляй ён пацэліў у лоб казацкаму гетману.

Толькі ў 1657 годзе пасля 18 месяцаў аблогі замкам авалодалі казацкія атрады Нечая, але ўжо ў 1661 годзе ён быў вернуты войскам Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім. За гераічную абарону горада кароль Рэчы Паспалітай пазбавіў Быхаў ад падаткаў на 20 гадоў.

У 1702 годзе падчас грамадзянскай вайны паміж кааліцыямі магнатаў замак быў захоплены войскам сапернікаў Сапег на чале з генералам Крыштафам Сініцкім. Але праз пэўны час гарнізон замка на чале з Сініцкім перайшоў на бок новага карался Станіслава Ляшчынскага, якога падтрымліваў шведскі кароль Карл ХІІ. Тады ўлетку 1707 года замак узялі ў аблогу рускія войскі на чале з Пятром І. Праз некалькі дзён гарнізон замка быў вымушаны капітуляваць і здацца рускім войскам. Генерал Сініцкі быў арыштаваны і адпраўлены ў Сібір. У замку яшчэ 7 гадоў стаяў рускі гарнізон, а пасля яго адыходу замак быў амаль зруйнаваны.

Падчас Першага Падзелу Рэчы Паспалітай Быхаў увайшоў у склад Расійскай Імперыі. У 1781 годзе Кацярына ІІ надалу яму ўласны герб – дзве перакрыжаваныя пушкі ў чырвоным полі.

У 1842 годзе ў Быхаве было адкрыта двухкласнае прыхадское вучылішча.

У сярэдзіне 19 стагоддзя ў Быхаве была пабудавана драўляная Царква Святой Троіцы. Да 2010 года тут захоўвалася цудатворная Баркалабаўская ікона Маці Божай, а ў гэтым годзе была перанесена ў новую царкву Баркалабава.

Пад канец 19 стагоддзя ў Быхаве была адкрыта жаночая гімназія. З верасня па лістапад 1917 годзе ў будынку гімназіі была турма, тут утрымлівалісь удзельнікі “Карнілаўскай змовы” — генералы Карнілаў і Дзенікін.

У пачатку 20 стагоддзя ў Быхаве было каля 6500 жыхароў. У 1902 годзе праз Быхаў прайшла чыгунка і з’явілася чыгуначная станцыя. З 1924 года Быхаў стаў цэнтрам раёна ў складзе Магілеўскай вобласці БССР.

Фота: Кісцерны Кірыл