Па легендзе сын Усяслава Чарадзея князь Барыс запрасіў сяліцца ў гэтыя мясцінах палонных яцвягаў, а паселішча загадаў назваць у свой гонар. Дарэчы, помнік заснавальніку горада – князю Барысу стаіць на галоўнай плошчы старага горада.

Першыя ўзгадкі пра Барысаў сустракаюцца ў літоўскіх летапісах у 1102 годзе. Праз 25 гадоў горад узгадваецца ўжо ў Лаўрэнцеўскім летапісу. Старажытнае гарадзішча Барысава зараз знаходзіцца на тэрыторыі вескі Старабарысаў.

Пад канец 13 стагоддзя Барысаў быў знішчаны пажарам, а вось новы горад быў адбудаваны ўжо на новым месцы – у 4 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад былога паселішча, на беразе ракі Бярэзіны. У 14 стагоддзі тут, у месцы ўпадзення Проллі ў Бярэзіну, быў пастаўлены замак. Замак меў драўляныя сцены і вежы, быў акружаны ровам. У першай палове 17 стагоддзя замак быў пераўтвораны ў пяцібастыённую крэпасць. Побач з ім знаходзіўся драўляны мост праз Бярэзіну на сваях. Крэпасць праіснавала да канца 18 стагоддзя, а ў сярэдзіне 19 стагоддзя на гэтым месцы быў узведзенны так званы “турэмны замак”, які выкарыстоўваўся як турма. Рэшткі “турэмнага замка” дайшлі да нашых дзён.

Барысаў знаходзіўся ў зручным месцы, на шляху. Падчас міжусобнай вайны ў 1432-33 гадах тут спыняўся князь Свідрыгайла. Калі ў горад завітаў вялікі князь Вітаўт, то ён надаў Барысаву так званы “мядовы прывілей”: усе, хто вёз мёд па гэтым шляху, плацілі спецыяльны падатак. У 1500 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай тут была стаўка вялікага князя Аляксандра. У 1508 годзе Барысаў трымала ў аблозе войска маскоўскага ваяводы Глінскага. У 1514 годзе ў Барысаве была стаўка вялікага князя Жыгімонта І, горад стаў месцам збора войска ВКЛ, якое потым рушыла на Воршу.

З 1528 года барысаўским старастам быў Ян Глябович, які пазней стаў віленскім ваяводам і канцлерам вялікім літоўскім. Наступны барысаўскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны ў 1563 годзе дамогся для горада Магдэбургскага права,  а вось Мікалаў Радзівіл Руды аднавіў барысаўскі замак.

У 16 стагоддзі барысаўскі замак неаднаразова абкладалі маскоўскія войскі. Падчас вайны 1654-67 гадоў Барысаў таксама быў пашкоджаны. У 1642 годзе ў Барысаве з’явіўся першы касцёл, ягоным фундатарам быў барысаўскі стараста Адам Казановіч.

Падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе горад таксама моцна пацярпеў і быў спалены. З 1718 года Барысаў належаў роду Агінскіх. На працягу 18 стагоддзя канчаткова сфарміравалася гарадская планіроўка Барысава, якую магчыма пабачыць і цяпер. Цэнтральная гандлёвая плошча мела форму квадрата, на ёй знаходзілася уніяцкая Васкрасенская царква, побач была і іншая — Спаса-Преабражэнская уніяцкая царква. На іншым баку плошчы былі гандлёвыя рады і верагодна гасціны двор. Па ўсіх васьмі напрамках ад кутоў плошчы адыходзілі вуліцы. Наогул у Барысаве тады было 9 вуліц і каля 230 дамоў. Ніжэй прыведзены план горада канца 18 стагоддзя з накладаннем сучаснага спутнiкавага здымка старага горада Барысава.

У 1792 годзе Барысаў атрымаў ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага герб: у срэбным полі дзве вежы, а над імі выява апостала Пятра з ключамі.

А вось ужо ў 1793 годзе падчас Другога падзелу Рэчы Паспалітай Барысаў увайшоў у склад Расійскай імперыі.

У 1806 годзе мясцовы драўляны касцёл згарэў і было вырашана будаваць новы мураваны храм. Урачыстая закладка першага камня новага касцёла адбылася 15 жніўня 1806 года, а ў 1823 годзе будаўніцтва было скончана і касцёл быў асвечаны ў гонар Нараджэння Дзевы Марыі. Цудам ацалелы драўляны алтар са старога касцёл быў перанесены ў новы храм. У 1830 годзе да фасада касцёла была дабудавана чатырох’ярусная вежа-званіца. За савецкім часам, у 1936 годзе храм зачынілі, вежа-званіца была знесена. У будынку быў склад, кінатэатр, спартыўная зала, а з 1988 года храм пачалі аднаўляць. Касцёлу была вернута вежа-званіца, а з 1990 года ён зноў пачаў дзейнічаць.

Гісторыя Барысава цесна звязана з падзеямі вайны 1812 года. Напярэдадні гэтай вайны, вясной 1812 года, на правым беразе Бярэзіны каля Барысава пачалося будаўніцтва земляных умацаванняў, якія атрымалі назову “батарэі”. На вяршыню аднаго са штучных прыгоркаў з комплекса «батарэй» зараз вядзе лесвіца. Наверсе усталяваны памятны знак, прысвечаны пераправе Напалеона праз Бяэрэзіну, адтуль таксама адкрываецца від на раку і стары горад.

Працы па будаўніцтву комплекса не былі поўнасцю скончаны да прыходу сюды напалеонаўскіх войск, але “батарэі” адыгралі сваю ролю ў лістападзе 1812 года — пры вяртанні Напалеона з Масквы. Пераправа праз раку ў Барысаве не разглядалася якраз па прычыне наяўнасці «батарэй», дзе стаяў рускі гарнізон.

Але агенты Напалеона настойліва распытвалі у мясцовых жыхароў пра броды ля вёскі Ухалода. Сяляне хутка данеслі гэтую інформацыю рускаму генералу Чычагаву, які адправіўся з арміяй туды. Гэта адцягнула вялікую частку рускіх сіл у няверным напрамку.

Рэальнае месца пераправы рыхтавалася на поўнач ад Барысава ля вёскі Студзёнка. Для пераправы былі зроблены два маста: для пешаходаў і для абоза з артылерыяй. Для пабудовы мастоў амаль цалкам разабралі вёску Студзёнку.

Пераправа адбывалася 26-29 лістапада 1812 года. Амаль з 30 тысяч французскай арміі праз раку перайшло толькі 9 тысяч чалавек, а калі 20 тысяч пры гэтым пераходзе загінулі. Армія Напалеона амаль перастала існаваць як баяздольная адзінка.

У памяць пра тыя падзеі каля месца пераправы на Брылёўскім полі было ўсталявана некалькі помнікаў.

Помнік у выглядзе стэлы з фігурай двухгаловага арла наверсе быў усталяваны яшчэ ў 1912 годзе — праз 100 гадоў пасля гістарычных падзей. Да нашых дзён ад таго старога помніка захаваўся толькі невялікі кубічны фрагмент, які стаў часткай сучаснага помніка.

Іншы помнік быў нядаўна ўсталяваны французскімі актывістамі. Па чутках, для спрашчэння бюракратычных працэдур, кавалак зямлі ўвакол помніка быў узяты французскімі ўладамі ў арэнду на 99 гадоў і зараз з’яўляецца тэрыторыяй Францыі.

Побач з Барысавам і дагэтуль шукаюць скарб Напалеона. У канцы 19 стагоддзя гэтым займаўся таксама Іван Каладзееў – гісторык і даследчык вайны 1812 года. Ён збіраў розныя артэфакты і шукаў гістарычныя дакументы пра гэтую вайну. Да нашых дзён дайшоў сядзібны дом Каладзеева. У ягоных залах створаны прыватны музей, дзе магчыма пабачыць матэрыялы пра вайну 1812 года.

У 1874 годзе на гандлёвай плошчы ў цэнтры пачалося будаўніцтва Васкрасенскага сабора па праекце пецярбургскага архітэктара і інжынера Пятра Меркулава. Сабор будавалі дойліды з Івянца, а інтэр’ер храма аздаблялі майстры з Вільні. Вялікі пяцікупальный сабор мае выразныя рысы псеўдарускага стылю. За савецкім часам сабор быў зачынены, там было зернесховішча, але з 1945 года яго зноў перадалі вернікам.

У 1907 годзе перад саборам па праекце архітэктара Струева была пабудавана двух’ярусная брама-званіца

У 1871 годзе праз Барысаў прайшла чыгунка. Тады ж актыўна пачала развівацца новая частка горада – Новы Барысаў. З тых часоў і да нашых дзён захаваўся чыгуначны вакзал, які быў пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя ў стылі мадэрн.

Напрыканцы 19 стагоддзя ў Барысаве пачалі дзейнічаць вялікія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх запалкавыя фабрыкі “Вікторыя”, “Бярэзіна”, шклозавод,  а таксама лесапільны завод.

Напачатку 20 стагоддзя ў Барысаве, як і ў большасці беларускіх гарадоў, было нямала яўрэяў. З тых часоў да нашых дзён захавалася некалькі сінагог.

На месцы колішняга яўрэйскага вучэбна-рэлігійнага коплекса захавалася “Вялікая” сінагога.

Недалёка ад гандлёвай плошчы таксама захавалася сінагога “Хэўрэ тылім”, пабудаваная ў 1911 годзе.

Таксама з пачатку 20 стагоддзя захавалася даволі шмат дамоў з рэгулярнай гарадской забудовы. Яны размешчаны ў асноўным вакол гандлёвай плошчы, а таксама на колішніх гістарычных вуліцах (цяпер вуліцы Лапаціна, 3-га Інтэрнацыянала).

З 1921 года Барысаў увайшоў у склад БССР, а ў 1924 годзе стаў раённым цэнтрам Мінскай вобласці.

З 1927 года з Барысаве захаваўся унікальны аб’ект – ваданапорная вежа, узведзеная па праекце знакамітага інжынера Уладзіміра Шухава.

 

Фота: Кісцерны Кірыл, Савачка Алег