У гэтых мясцінах, па берагах Дняпра, існуюць розныя археалагічныя помнікі: стаянка ранняга мезаліта, а таксама селішча ранняга жалезнага веку. Гэта сведчыць, што людзі жылі тут здаўна.
У 1564 годзе на высокім месцы на беразе Дняпра ротмістр і стараста дзісненскі Баркулаб Іванавіч Корсак заснаваў замак. Дазвол на гэта яму даў кароль вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст. Месца гэтае пачалі называць Баркулабаў замак, а пазней і проста Баркулабава ці Баракалабава.
Баркулаб Корсак памёр у 1576 годзе і быў пахаваны ў царкве Багародзіцы ў Вільні. Дачка Баркулаба Ева пабралася шлюбам з Багданам Саламярэцкім, Баркулабава аддалі за ёю ў пасаг. Багдан Саламярэцкі быў старастам крычаўскім і абаронцам праваслаўя на ВКЛ. У 1594 годзе ён разам з жонкай заснаваў у Баркалабава праваслаўную царкву Святога Юрыя. Дарэчы на той час тут ужо існавала дзве царквы.
У Багдана і Евы быў сын Багдан, які і стаў наступных уладаром Баркалабава. Ён заснаваў тут мужчынскі праваслаўны манастыр, а таксама перадаў яму некалькі вёсак. У манастыры пазней хавалі прадстаўнікоў роду Саламярэцкіх, а потым і іншых уладароў Баракалабава.
Святаром гэтага манастыра Фёдарам Філіповічам бый створаны Баркулабаўскі летапіс – каштоўны гістарычны дакумент, які зберагае звесткі пра гісторыю усходняй Беларусі і апісвае розные падзеі вачамі відавочцы. У летапісе апісваюцца падзеі з 1563 па 1608 гады, сярод іх казацкія набегі на Беларусь Севярына Налівайкі, прыезд у Баркалабава канцлера Льва Сапегі і іншыя. Летапіс захоўваецца ў гістарычным музеі ў Маскве.
Праз шлюб дачкі Багдана Саламярэцкага з Багданам Сцяцкевічам Баркалабава перайшло да Сцяцкевічаў. У сярэдзіне 17 стагоддзя Багдан разам з жонкай заснаваў у Баркалабава таксама і жаночы манастыр. Першыя манахіні былі запрошаны сюды з Куцеінскага манастыра з Оршы. У манастыры існавалі два храмы: вялікі храм – Вазнясенская царква і малы храм – царква Іаана Прадцечы. Абодва каменных будынкі былі пабудаваны яшчэ ў 17 стагоддзі.
У сярэдзіне 17 стагоддзя ў манастыр патрапіў цудадзейны абраз Маці Божай Баркалабаўскай.
Па легендзе, падчас чарговых войнаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай праз гэтыя месцы вяртаўся дадому маскоўскі ваявода князь Пажарскі, сярод іншых рэчаў ён вёз з сабою абраз. Побач з манастыром коні ягоныя спыніліся і не хацелі ісці далей. Тады было вырашана абраз пакінуць у гэтым манастыры.
Пасля закрыцця манастыра абраз хавалі па хатах, з 1953 года ён захоўваўся у царкве ў Быхаве, а ў 2010 годзе абраз быў вернуты ў новы храм Іаана Прадцечы ў Баркалабава.
У сярэдзіне 19 стагоддзя манастыр быў падпарадкаваны Буйнічскаму жаночаму манастыру, куда пераехала большая частка манахінь. У 1885 года тут здарыўся пажар, але манастыр і ягоныя храмы былі зноў адбудаваны.
У 1928 годзе манастыр былі зачынены, а ў некаторых ягоных будынках быў размешчаны піянерскі лагер. З храмаў былі скінуты купалы і яны былі зруйнаваны. У 2008 годзе пачалася аднаўленне манастыра. У 2010 годзе была пабудавана новая царква, асвечаная ў гонар Іаана Прэдцечы.
Пасля Сцяцкевічаў у Баркалабава ўладарылі Палубінскія, потом Сапегі. Пасля Першага Падзелу Рэчы Паспалітай Баркалабава ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі. На той час гэта было мястэчка, тут налічвалася каля 500 жыхароў. Тут дзейнічаў манастыр, дзве царквы, базылянская школа, быў дом архіерэя, два млыны, бровар.
Пад канец 19 стагоддзя тут былі медзеплавільныя і лесапільныя прадпрыемствы, сем крамаў, карчма, дзейнічала царкоўна-прыходская школа. Мураваны будынак прыходскай школы з пачатку 20 стагоддзя дайшоў да нашых дзён.

У 1904 годзе ў Баркалабава была пабудавана царква ў псеўдарускім стылі, якая была асвечана ў гонар Казанскага абраза Божай Маці. За савецкім часам у будынку быў спартыўны зал, а зараз царква аднаўляецца.

Фота: Кісцерны Кірыл