Верагодная назова гэтага паселішча паходзіць ад прозвішча Бачэй.
Упершыню Бачэйкава ўзгадваецца ў Літойскай метрыцы ў 15 стагоддзі. У 1460-х гадах уладаром Бачэйкава быў Якаў Друцкі-Падбярэзскі. Потым тут уладарыў ягоны сын Рыгор Падбярэзскі, які займаў пасаду маршалка аршанскага.
На пачатку 16 стагоддзя Рыгор Падбярэзскі памёр і Бачэйкава перайшло да князя Міхала Іванавіча Мсціслаўскага. Ён быў у шлюбе з Уллянай Юр’еўнай і падараваў ёй Бачэйкава. Але праз пэўны час яны разышліся, а Улляна другім шлюбам пабралася са стольнікам ВКЛ Нікадзімам Цеханавецкім.
Пасля Улляны і Нікадзіма тут уладарыў іх сын Андрэй Цеханавецкі, а потым і ягоны сын Станіслаў. А вось сын Станіслава – Крыштаф Цеханавецкі, які быў мінскім ваяводай, у 1635 годзе аддаў Бачэйкава ў арэнду Эмануілу Кантагузэну.
Эмануіл Кантагузэн па паходжанні быў грэкам. У 1641 годзе ён пабудаваў тут сядзібны дом па італьянскай модзе. Таксама была пабудавана стайня на 50 коней, аранжарэя, піваварня, спіртусовы завод. Эмануіл Кантагузэн адным з першых на нашых землях пачаў сеяць азімыя.
У першай палове 17 стагоддзя ў Бачэйкава было 100 душ мужчынскага роду. На той час гэта было мястэчка. На цэнтральнай плошчы была уніяцкая царква, якая стаяла да часоў савецкай улады, калі была разбурана.
Падчас вайны 1654-1667 гадоў Бачэйкава был цалкам разбурана. Аднак у 1692 годзе Бачэйкава аднавілася і была адзначана ўжо як горад. Тут было каля 100 жыхароў, дзейнічала карчма, пераправа праз раку Вула, праходзілі кірмашы.
У 1696 годзе Бачэйкава належала Іпаліту Цеханавецкаму, які пакінуў кіраваць тут упраўляючага Свідэрскага.
У сярэдзіне 18 стагоддзя ў Бачэйкава гаспадарыў генерал-маёр Юзаф Цеханавецкі. У 1769 годзе ён пабудаваў тут палац па праекце італьянскага архітэктара. Палац быў даволі хутка пабудаваны да верагоднага візіта караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Мураваны палац быў аданапавярховым, сцены заляў упрыгожвалі партрэты роду Цеханавецкіх, стаялі мармуровыя скульптуры. Быў створаны і спецыяльны “каралеўскі” пакой.
Вакол палаца быў закладзены парк у французскім стылі. У парку было шмат рэдкіх парод дрэў, а ліпавыя пасадкі ўтваралі герб роду Цеханавецкіх. У парку было 9 сажалак, злучаных каналамі, якія ўтваралі геаметрычныя фігуры.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі так ніколі і не наведваў Бачэйкава. А вось Напалеон у 1812 годзе спыняўся ў гэтым палацы на начлег.
Побач з палацам былі пабудаваны флігелі. Будынак аднаго з флігеляў з чатырохкалонным порцікам дайшоў да нашых часоў.

Таксама захаваўся невялікі будынак іншага флігеля, па іншых звестках гэта капліца Цеханавецкіх. На сцяне будынка ўсталявана шыльда з імёнамі прадстаўнікоў роду Цеханавецкіх.

Таксама захаваліся рэшткі некаторых гаспадарчых пабудоў сядзібы, напрыклад, цагляны будынак стайні.

У другой палове 19 стагоддзя ў Бачэйкава было 136 душ мужчынскага насельніцтва, была школа, царква, бальніца, млын, гандлёвыя рады, тры разы на год праходзілі кірмашы.
У 1905 годзе ўладар Бачэйкава Уладзіслаў Цеханавецкі выдаў у Віцебску кнігу “Хроніка аднаго памесця”, дзе апісаў гісторыю сядзібы ў Бачэйкава.
Перад Першай Сусветнай вайной Цеханавецкія адправілі ў Маскву ўсе каштоўнасці са сваёй сядзібы ў Бачэйкава. Але захаваць іх не давялося, у 1917 годзе, з прыходам бальшавікоў, Цеханавецкія назаўжды пакінулі радзіму.
За савецкім часам у палацы ў Бачэйкава быў дзіцячы дом, а падчас Айчыннай вайны палац быў пашкоджаны. Пасля вайны будынак палаца быў разабраны на цэглу. Пабачыць яго цяпер магчыма толькі на старых фотаздымках:

Таксама макет сядзібы ў Бачэйкава створаны ў мясцовым школьным музеі.
Фота: Кісцерны Кірыл
