Вёска Адампаль была заснавана ўладаром маёнтка Шчорсы Адамам Храптовічам у 1810 годзе. Раней гэтая зямля належала Радзівілам і стала ўласнасцю Храптовічаў у пачатку 19 стагоддзя. Адам Храптовіч быў вельмі прагрэсіўным гаспадаром. Ва ўсіх ягоных маёнтках прыгоннае права было заменена падаткам, былі адменены цялесныя пакаранні сялян. 

Адампаль хутка стаў самым буйным фальваркам у маёнтку Шчорсы і ўяўляў сабой узорную гаспадарку. Тут ужываўся шматпольны севазварот, а зямлю апрацоўвалі амерыканскімі і англійскімі сельскагаспадарчымі машынамі. Пасля смерці Адама Храптовіча фальварак Адампаль у складзе маёнтка Шчорсы перайшоў да ягонага брата Ірэнея Храптовіча, а потым і да сына Ірэнея — Міхала. Міхал Храпотовіч быў на дыпламатычнай службе і даволі рэдка бываў у сваіх маёнтках. Для кіравання фальваркам ён запрасіў кіраўніком саксонца Фердынанда Фішэра, які кіраваў тут каля 40 гадоў да 1890 гг. У гэта час Адампаль стаў самым прыбытковым маёнткам Храптовічаў і нават адным з лепшых у Расійскай Імперыі. 

Тут гадаваліся 450 кароў швейцарскай пароды, з малака якіх выраблялі сыра галандскіх і швейцарскіх гатункаў. Таксама тут вялі адкормку валоў, якіх было больш за 300 галоў, гадавалі свіней англійскіх парод. З тых часоў да нашых дзён захаваліся цагляныя будынкі хлявоў і кароўнікаў.

Раней у Адампалі было 3 бровары, а да 1870-я быў пабудаваны вялікі спіртзавод з паравой машынай на 80 конскіх сіл. Цагляны трохпавярховы будынак спіртзавода захаваўся да нашых дзён.

Да нашых дзён дайшоў таксама дом кіраўніка фальваркам, які быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя. Раней недалёка стаяў таксама дом-інтэрнат для працаўнікоў на 115 чалавек, гэты будынак да нашых дзён не дайшоў.

Напрыканцы 19 стагоддзя ў Адампалі таксама дзейнічалі млын і малатарня, маслабойня, майстэрні, быў сад і сажалкі, артэзіянкі калодзеж. Недалека адсюль, на Нёмане была прыстань, куды везлі мясцовыя тавары і адкуль яны адпраўляліся далей да партоў Балтыйскага мора. 

З 1890-х гадоў фальваркам у складзе маёнтка Шчорсы ўладарылі   пляменнікі Міхала Храптовіча Міхал і Канстанцін Буценевы-Храптовічы, а потым сын Канстанціна — Апалінар Храптовіч. Фальварак Адампаль спыніў сваю дзейнасць падсчас Першай Сусветнай вайны ў 1915 гозе. Падчас вайны гаспадарчыя пабудовы былі моцна пашкоджаны нямецкімі, а потым і рускімі войскамі. З 1921 года Адампаль увайшоў у склад Польшы і мясцовыя зямлі пачалі раздаваць польскім афіцэрам, а гаспадарчыя пабудовы разбіралі на цэглу.