Назова гэтага паселішча можа паходзіць ад слова “быч”, якое азначае узвышанае месца, дзе ёсць сенажаці і балоты. Дарэчы знаходзіцца Бытча на высокім бераге ракі Бярэзіны.

Недалёка ад Бытчы захавалася старажытнае гарадзішча. У 1882 годзе яно была ўнесена ў спіс археалагічных помнікаў, але раскопкі тут ніколі не праводзіліся.

Першая пісьмовая ўзгадка пра Бытчу сустракаецца ў дакументе з датай 23 ліпеня 1582 года – гэта скарга на шляхціча Яна Кураша, які абрабаваў сялян вёскі Бытча і вескі Студзёнка, якая таксама знаходзіцца недалёка.

На той час Бытча ўваходзіла ў Барысаўскае староства. Пад канец 16 стагоддзя годзе тут ўжо была прыходская царква. А вось у 1670 годзе Бытча належала Агінскім і на той час тут было 48 сялянскіх гаспадарак – дымоў.

Праз Бытчу здаўна праходзіў сухапутны шлях-гасцінец. Побач са шляхом стаяла карчма, а таксама вадзяны млын на рэчцы Бытчанка. Млын дарэчы існаваў яшчэ да часоў Айчыннай вайны, калі быў зруйнаваны. Недалёка ад млына таксама знаходзілася святая крыніца і стаяў крыж. У дзень Святога Яна да крыніцы збіраліся мясцовыя жыхары і прыходзілі паломнікі.

У 17 стагоддзі ў Бытчы існаваў уніяцкі храм, а з 1795 года яго перарабілі ў праваслаўную царкву. Гэтая царква была драўляная, крытая гонтам. Побач з царкой была таксама званіца, а вакол стаяў драўляны плот. Царква была пашкоджана падчас вайны 1812 года, а ў 1839 годзе ў ёй зрабілі рамонт.

У 1862 годзе ў Бытчы пачалі будаваць новую мураваную царкву, якая была асвечана ў 1868 годзе. Але ў хуткім часе высветлілася, што царква была пабудавана з няякаснага матэрыяла і будынак прызналі аварыйным і зачынілі. Тады мясцовы святар на ўласныя грошы паставіў пабач з будынкам невялікую драўляную царкву, якую асвяцілі ў гонар Святога Мікалая.

Нарэшце ў 1888 годзе аварыйную царкву разабралі і на яе месцы пачалі будаваць новую. У 1891 годзе новую царкву асвяцілі ў гонар Святой Троіцы.

У 1922 годзе бальшавікі забралі каштоўнасці з абодвух цэркваў, а ў царкве Святога Мікалая нават разрабавалі труны багатых прахаджан і святароў. Падчас Айчыннай вайны драўляная царква Святога Мікалая наогул была знішчана, а вось мураваны храм застаўся.

Пасля вайны ў царкве быў склад і зернесховішча, з яе сарвалі купалы. У 1992 годзе будынак нарэшце пачалі аднаўляць, а ў 2004 годзе тут прайшла першая служба. Рэстаўрацыя будынка працягваецца і зараз.

У 1863 годзе ў Бытчы было адчынена міністэрскае вучылішча – фактычна гэта была першая школа. У 1903-1906 гадах у гэтай школе працаваў настаўнікам Іван Фёдараў, які стаў вядомым пісьменнікам пад псеўданімам Янка Маўр. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’езде (у якім дарэчы прымаў удзел і Якуб Колас) яго выгналі з бытчанскай школы і забаранілі настаўнічаць. У Бытчы будучы пісьменнік паспеў пазнаёміцца з дачкой мясцовага святара Варварай, з якой ажаніўся ў 1909 годзе ў Турцы.

Янка Маўр лічыццца адным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры. Ён друкаваўся з 1923 года, а найбольш вядомым ягоным творам з’яўляецца прыгодніцкая аповесць “Палескія рабінзоны” 1930 года. Школа ў Бытчы раней насіла імя пісьменніка, тут быў створаны літаратурны музей Янкі Маўра, але музей быў зачынены разам з будынкам мясцовай школы.

Фота: Кісцерны Кірыл
 

&nbsp