Назова гэтага паселішча паходзіць ад беларускага слова з сэнсам “прыгожы”. Людзі ў гэтых мясцінах пасяліліся яшчэ ў даўнія часы, аб гэтым сведчыць старое гарадзішча на паўднёва-заходнім ускрайку Краснага, якое завуць “замкавая гара”.
Упершыню ў летапісах Краснае ўзгадваецца ў 15 стагоддзі пад назовай Краснае сяло як вялікакняжацкае ўладанне. У 1503 годзе вялікі князь Аляксандр Ягелончык заклаў тут першы касцёл. У 16 стагоддзі Краснае ўзгадваецца ў сувязі са спрэчкай аб прыналежнасці карчмы паміж уладарамі паселішча і мясцовым касцёлам. Дарэчы ў 16 стагоддзі ў Красным з’явіўся і першы праваслаўны храм.
А вось у 1582 годзе Краснае ўзгадваецца ў сувязі з дзеяннем тут банды Яна Высакінскага. Гэтая банда рабавала на дарозе вандроўнікаў і тых, хто спыняўся на ноч у мясцовай карчме. Для барацьбы з бандай Высакінскага быў выкліканы следчы з Менска, які злавіў усіх злодзеяў з банды. На той час, дарэчы, Краснае ўжо было мястэчкам і цэнтрам староства ў Мінскім ваяводстве.
Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-67 гг. Краснае было спалена, згарэў і мясцовы касцёл. Пасля вайны, у 1695 годзе пробашч Марцін Юшкевіч распачаў будаўніцтва новага драўлянага касцёла на старым месце. Але падчас Паўночнай вайны, у 1708 годзе, Краснае ізноў было разрабавана і спалена, зноў згарэў мясцовы касцёл.
У сярэдзіне 18 стагоддзя ў Красным уладарыў смаленскі кашталян Станіслаў Бурынскі, а потым і ягоны сын, ваявода менскі Тадэвуш Бурынскі.
Недзе ў гэтыя часы тут праязжаў Антоній Тызенгауз. Ён спыніўся у карчме і быў так уражаны тым, як гралі мясцовыя музыкі, што запрасіў да сябе ў гродзенскую капэлу двух музыкантаў — Васіля Кучміту і Паўлюка Ламінскага.
У гэтай карчме граў і адзін з мясцовых музыкаў – Іван Аляшкевіч з-пад Радашковіч – бацька мастака Іосіфа Аляшкевіча. Іосіф Аляшкевіч стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асоб, найбольш вядома ягонае палатно “Развітанне гетмана Хадкевіча з маладой жонкай перад адпраўленнем на Хоцін”. Ён жыў у Пецярбурзе, дзе ў 1822 годзе быў абраны старшынёй масонскай ложы “Белага арла”.
Пасля Бурынскіх у Красным уладарылі Валадковічы, Сніткі, Мыслінскія. Сядзібны дом, дзе жылі мясцовыя гаспадары, быў драўляным і стаяў на гары. Ён не захаваўся да нашых дзён, але існуе апісанне гэтага будынка Адамам Кіркорам, які гасціў тут у тагачасных гаспадароў.
Дарэчы гісторыя Краснага была заўсёды звязана з Віленскім шляхам, які тут праходзіў. Акрамя Тызенгауза і Кіркора тут праязжалі і спыняліся многія знакамітыя дзеячы, сярод якіх археолаг Еўстафій Тышкевіч, лінгвіст Іван Насовіч, мастак Фердынанд Рушчыц і іншыя.
У 1800 годзе мясцовыя каталікі пад кіраўніцтвам пробашча Казіміра Харэвіча пачынаюць будаваць новы касцёл. Але справа ішла даволі марудна і гэты касцёл быў асвечаны толькі ў 1858 годзе.
У 1812 годзе праз Краснае праходзілі войскі Напалеона. Існуе легенда, што ад рабаўніцтва французамі мястэчка выратаваў абраз у мясцовай царкве.
У 1863 годзе падчас паўстання Кастуся Каліноўскага ў мясцовых лясах дзейнічалі паўстанцы. Паўстанцы атрада Бакшанскага хавалі ў мясцовым касцёле зброю. На мясцовых каталіцкіх могілках захавалася магіла аднаго з іх – Ігнація Абрамовіча. Ён пражыў вельмі доўгае жыццё – 105 гадоў, за польскім часам ён ініцыяваў пабудову у Красным манумента у гонар паўстанцаў, які, на жаль, да нашых дзён не захаваўся.
Пасля паразы паўстання Кастуся Каліноўскага, мясцовы касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным. Тады быў ён пераасвечаны як Успенская царква. Ужо за савецкім часам храм быў зачынены і пачаў разбурацца, а нядаўна быў адноўлены. Цяпер гэты будынак адносіцца ўжо да суседняй вёскі Плябань.
А вось у 1889 годзе ў цэнтры Краснага пачалося будаўніцтва новай мураванай царквы ў псеўдарускім стылі, асвечанай як Пакроўская царква. У канцы 19 стагоддзя святаром у царкве быў Мікалай Клатніцкі. Ёе збіраў мясцовы фальклор і дамогся адкрыцця ў Красным царкоўна-прыходскай школы.

Напрыканцы 19 стагоддзя ў Красным дзейнічала народная вучэльня, пошта, 22 крамы, 8 корчмаў, заезжы дом, паштовая станцыя. Было 152 двары, тры разы на год праводзіліся кірмашы.
У 1905 годзе, калі з’явіўся дазвол на будаўніцтва касцёлаў у Расійскай імперыі, мясцовыя каталікі пачалі збіраць грошы на новы храм. Вялікую суму грошаў на касцёл даў і тагачасны уладар Краснага – Казімір Тышынскі, які жыў у сядзібе Мясата недалёка адсюль. У 1908 годзе на узгорку, у цэнтры мястэчка пачалося будаўніцтва цаглянага касцёла, а ў 1912 годзе ён быў асвечаны ў гонар Узнясення Дзевы Марыі. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры стылю неаготыкі. Калі касцёл быў адбудаваны, Казімір Тышынскі ахвяраваў на храм 2 абразы і арган на 15 галасоў, які можна пачуць у касцёле і цяпер. Каля сцяны храма магчыма пабачыць пагнуты і паламаны крыж – гэта крыж з Дубрава, які быў перавезены сюды, калі дубраўскі касцёл зачынілі.

На мясцовых могілках у Красным Казімір Тышынскі пабудаваў капліцу-пахавальню роду Тышынскіх. Будынак неагатычнага стылю быў зроблены з бетона. Зараз ён знаходзіцца ў даволі кепскім стане і паволі разбураецца.
За польскім часам у Красным быў цэнтр гміны, а таксама стаяў памежны батальён, афіцэры якого далі сродкі на прыбодову да касцёла яшчэ двух алтароў. У савецкі час Краснае было гарадскім пасёлкам, але страціла гэту статус у 1954 годзе. І касцёл, і царква дзейнічалі тут і у савецкія часы.
Фота: Савачка Алег
