Дакладны час узнікнення гэтага паселішча не вядомы, але ёсць звесткі, што ў 6 – 9 стагоддзях тут ужо жылі прадстаўнікі племені дрыгавічоў. Хутчэй за ўсё паселішча ўзнікла на беразе ракі, таму што тут здаўна праходзіў гандлёвы шлях з вараг у грэкі. Да нашых дзён на адвартоным ад Беразіно беразе ракі ва ўрочышчы Прыбар захаваліся курганныя могільнікі.

Першым вядомым гаспадаром Беразіно лічыцца гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі. 7 чэрвеня 1501 годзе ён падпісаў межавы акт і прадаў Беразіно Мікалаю Вішнявецкаму. У сяэрэдзіне 16 стагоддзя Беразіно перайшло да Сапегаў. На пачатку 17 стагоддзя тут уладарыў сын канцлера Льва Сапегі — Казімір Леў Сапега, які стаў маршалкам дворным і падканцлерам ВКЛ. У сярэдзіне 17 стагоддзя, падчас казацкага паўстання на Украіне пад Беразіно падышлі атрады Гаркушы і Падбайлы, да іх далучыліся і мясцовыя сяляне пад кіраўніцтвам ігумена Грыбовіча. На беразе ракі паміж імі і дзяржаўнымі войскамі адбыліся сутычкі.

У 1670 годзе Беразіно набылі Тышкевічы. У 1730 годзе тут пачаў уладарыць Людзвіг Тышкевіч, маршалак і падскарбій ВКЛ. Ён быў жанаты на пляменніцы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Канстанцыі Панятоўскай. А вось іх дачка Ганна пабаралася шлюбам з Аляксандрам Патоцкім і атрымала Беразіно ў якасці пасага. Але жыццё з Аляксандрам Патоцкім нешта не заладзілася і ў 1821 годзе яны разышліся. Ганна пабралася шлюбам у другі раз з шляхцічам Станіславам Дунінам-Вансовічам.

У першай палове 19 стагоддзя Ганна распачала будаўніцтва ў Беразіно палаца ў стылі класіцызм.

Палац быў пастаўлены на крутым беразе Бярэзіны на тэрасе, якая была ўмацавана падпорнай сцяной з камянёў.

Увакол палаца быў разбіты парк. Комплекс выкарыстоўваўся як летняя рэзідэнцыя Патоцкіх. Пасля рэвалюцыі, за савецкім часам у палацы была школа, а цяпер будынак стаіць закінуты і паволі разбураецца.

У сярэдзіне 19 стагоддзя маёнтак Беразіно займаў 150 тысяч дзесяцін. Тут была адкрыта суконная мануфактура і наладжана вытворчасць дываноў. У 1864 годзе ў Беразіно было адчынена народнае вучылішча, акрамя гэтага былі дзве прыватныя навучальныя установы. Таксама працавала аптэка, тэлеграфная кантора, бальніца. На грошы мясцовага дабрачыннага таварыства дзейнічала і бібліятэка.

З 1851 года Ганна Патоцкая-Вансовіч жыла у Парыжы. У 1856 годзе яна перадала Беразіно свайму Маўрыкію (Морыцу) Патоцкаму. Ад Морыца Беразино перайшло да ягонага сына Аўгуста. Аўгуст  Патоцкі даволі часта бываў на паляваннях у мясцовых лясах. Да яго ў Беразіно прыязжалі шматлікія госці, у тым ліку і асобы, набліжаныя да імператара.

Аўгуст Патоцкі жыў у Варшаве. Ён захапляўся коньмі, у яго была стайня, дзе ён трымаў лепшых скакуноў. Быў прэзідэнтам таварыства конных скачак у Варшаве. Ён быў вельмі азартным чалавекам, любіў гуляць на скачках. Такім вось чынам ён даволі часта праіграваў грошы, што вымушала яго браць пазыкі ці аддаваць маёнткі ў заклад. Родзічы Аўгуста асуджалі такі ягоны лад жыцця. Яны праз суд адсудзілі ў яго Беразіно і перадали ягонаму маленькаму сыну Морыцу Станіславу.

Морыц Станіслаў быў апошнім уладаром мястэчка да 1918 года. Пасля прыхода савецкай улады ён жыў у Варшаве, а памёр у Лондане ў 1949 годзе.

Існуе легенда, што перад ад’ездам з Беразіно Патоцкі схаваў пад паліцай у палацы скарб. Гэты скарб уже неаднаразова шукалі “паляўнічыя за скарбамі”, але безвынікова.

Пад канец 19 стагоддзя Беразіно стала буйным прамысловым цэнтрам Ігуменскага павета. Тут дзейнічала канатная фабрыка, быў млын з паравым рухавіком. А вось у 1892 годзе тут адчыніўся і вінакурны завод, які дзейнічае з тых часоў і да нашых дзён. Да нашых дзён захаваліся карпусы завода, пабудаваныя ў эклектычным стылі з ужываннем бутавага камення і цэглы. Аднак пабачыць гэтыя будынкі цяжка – яны знаходзяцца на тэрыторыі прадпрыемства.

У канцы 19 стагоддзя ў Беразіно жыў Генрых Татур – вядомы гісторык і краязнаўца, археолаг. На тэрыторыі Ігуменскага павета ён праводзіў шматлікія археалагічныя раскопкі. У 1884 годзе ў Беразіно ён адчыніў часовы археалагічны музей.

У 1867 годзе ў сям’і яўрэйскага рамесніка нарадзіўся Ізраіль Гельфанд. Гэты чалавек, які ўзяў псеўданім Аляксандр Парвус, быў сябрам нямецкіх і расійскіх сацыал-дэмакратаў, а пазней стаў аднім з галоўных “спонсараў” Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1905 годзе ён быў адным галоўных дзеячоў рэвалюцыйных падзей, разам з Троцкім заснаваў Пецярбуржскі савет рабочых дэпутатаў. У 1906 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 3 гады высылкі, але здолеў бегчы. З Еўропы ён падтрымліваў сувязь з бальшавікамі, а ў 1915-17 гадах дапамагаў Леніну атрымаць сродкі на фінансаванне рэвалюцыйнага руху. Пасля рэвалюцыі Парвус жадаў вярнуцца ў Расію і знайсці месца ў рэвалюцыйным урадзе, аднак у гэтым яму было адмоўлена Леніным.

Фота: Kisterny Kiryl

Tags: