Назова верагодна мае фіна-угорскія карані і паходзіць ад слова keraja – гэта значыць сход, а па іншых звестках – “месца, дзе расце асака”.

Калісьці гэта была сталіца Чарэйскага княства, якое ў 11 стагоддзі ўзгадваецца ў летапісах. Праз гэтыя мясціны праходзіў шлях з варагаў у грэкі, а з праходзячых судоў тут бралі мытны збор.

Наступным разам Чарэя ўзгадваецца ўжо ў 15 стагоддзі, калі тут стаяў замак. Ад замка захавалася гарадзішча-замчышча, на якім зараз знаходзяцца праваслаўныя могілкі.

На той час уладарыў тут князь Іван, прозвішча якога не захавалася. Ягоны сын Місаіл стаў епіскам смаленскім. У 1454 годзе ён на беразе мясцовага возера заснаваў Свята-Троіцкі манастыр. Епіскап Місаіл здолеў вярнуць у Смаленск знакаміты абраз Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай, які трапіў туды праз дачку Вітаўта Сафію, якая была ў шлюбе з маскоўскім князем Васілем Дзмітравічам.

Пляменніца Місаіла выйшла за каралеўскага пісара Багдана Сапегу, а Чарэю аддалі за ёю ў пасаг. Так Чарэя на 250 гадоў патрапіла да Сапег.

Канцлер Леў Сапега распачаў тут будаўніцтва першай уніяцкай царквы на прасторах Вялікага княства Літоўскага. Дзеля гэтага ён запрасіў сюды італьянскага дойліда. У 1599 годзе царкву асвяцілі ў гонар Святой Троіцы. На пачэсным месцы ў алтары была размешчана копія абраза Маці Божай Адзігітрыі. У сутарэннях храма хавалі шмат каго з роду Сапегаў.

Храм Святой Троіцы ў Чарэі лічыцца адным з першых у свеце прыкладаў стылю барока, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе, без перабудоў. Гэты будынак сапраўды адносяць да каштоўных помнікаў сусветнай культуры.

За савецкім часам храм пераўтвораны ў зернесховішча. Пасля Айчыннай вайны храм наогул пачалі разбураць, рваць сцены тросамі. У той жа час бура сарвала з храма дах і ён пачаў хутка разбурацца.

Намаганнямі Льва Сапегі ў цэнтры Чарэі быў пабудаваны таксама і касцёл. Гісторыя яго ўзнікнення даволі цікавая. Сын Льва Сапегі Казімір па загадзе караля Стэфана Баторыя прымаў удзел у перамовах з маскоўскім царом Іванам Жахлівым падчас вайны ў Інфлянтах. Ён здолеў падпісаць мір з Маскоўскай дзяржавай, тады ж маскоўскі цар падарыў Казіміру Сапеге абраз Міхаіла Архангела. Калі Казімір прывёз абраз у Чарэю, то ягоны бацька загадаў пабудаваць касцёл дзе захоўваўся абраз. Храм гэты стаяў да 20 стагоддзя. Бальшавікі яго зачынілі, а ў будынку зрабілі звычайны млын. Пасля Айчыннай вайны, падчас будоўлі дарогі на Навалукомль, касцёл быў узарваны, а з ягонай цэглы пабудаваны некалькі хат.

Недалёка ад касцёла Сапегі пабудавалі і уніяцкую царкву, якую ў 1601 годзе асвяцілі ў гонар Архангела Міхаіла. Фасад храма ўпрыгожвалі прыгожыя фрэскі. За савецкім часам у будынку зрабілі склад, тады каштоўныя старыя фрэскі на фасадзе былі зафарбаваны, а потым і збіты. У апошнія часы ў храме адбылася рэстаўрацыя і фрэскі былі адноўленыя. Зараз гэта праваслаўная царква.

У раней былі 2 уніяцкія царквы і 1 касцёл. У 19 стагоддзі ў Чарэі была таксама пабудавана правслаўная царква Успення Багародзіцы. Падчас Айчыннай вайны ў царкве абараняўся нямецкі гарнізон, будынак моцна абстрэльвалі і цалкам разбурылі. Пасля вайны рэшткі храма былі разабраны мясцовымі жыхарамі на цэглу. Ад царквы захаваліся толькі падмуркі.

У сярэдзіне 18 стагоддзя Чарэя стала цэнтрам графства Сапегаў. Тады гэта было мястэчка, дзе было шмат рамеснікаў розных накірункаў.

Пасля Сапегаў гаспадарамі Чарэі былі Мілашы. Мілашы жылі ў Чарэі драўляны палац, які да нашых дзён не захаваўся – зараз на ягоным месцы стаіць школа. Вакол палаца быў вялікі парк з сажалкамі.

28 мая 1877 года ў палацы Мілашаў у Чарэі нарадзіўся Оскар Мілаш, які стаў вядомым французскім паэтам. З 1889 года ён жыў і вучыўся ў Парыжы. З 1904 года, пасля смерці ягонага бацькі, Оскар Мілаш вярнуўся ў Чарэю, дзе займаўся гаспадаркай у сядзібе. Пасля Першай Сусветнай вайны зноў жыў ва Францыі, дзе і памёр у 1939 годзе.

У другой палове 19 стагоддзя ў Чарэі было 2500 жыхароў, з якіх 1800 складалі яўрэі. Тут была вялікая сінагога, яўрэйская школа, якія да нашых дзён не дайшлі. Да нашых дзён з тых часоў часткова захаваліся яўрэйскія могілкі.

Ёсць у Чарэі і хрысціянскія могілкі, дзе захаваласяў напаўразбураным стане капліца-пахавальня роду Мілашаў. У ёй хавалі продкаў паэта Оскара Мілаша і ягонага пляменніка – таксама паэта і лаурэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша.

Фота: Жыдовіч Ірына, Кісцерны Кірыл